Асмалоўка - мікрараён у самым цэнтры Мінска - з асаблівай атмасферай і багатай гісторыяй

25 июня 2020
Пабудаваная ў пяцідзесятых Асмалоўка - гэта два невялікія кварталы недалёка ад тэатра оперы і балета, якія і сёння вызначаюцца асаблівым ладам жыцця і архітэктурай. 

А якая назва, на думку гісторыкаў, больш падыходзіць раёну, і як знайсці цікавыя арт-аб'екты, што схаваныя ў самым сэрцы Асмалоўкі? Надзея Сербіненка разам з гісторыкам-экскурсаводам вывучала старонкі загадкавай часткі Мінска.

Раёну Асмалоўка - 70 


Сёння - цэнтр Мінска, а 200 гадоў таму - глухая ўскраіна і полі. Тэрыторыя, дзе зараз знаходзіцца Асмалоўка, не заўсёды мела такую назву.

Асмалоўка - першы элітны раён пасляваеннага Мінска


Асмалоўка была пабудавана адразу пасля вайны - у 1945-1949 гадах. Гэта быў першы элітны раён пасляваеннага Мінска. Двухпавярховыя катэджы, добраўпарадкаваныя дворыкі, фруктовыя сады пад вокнамі. У пабудовах былі выкарыстаныя элементы рымскай архітэктуры: галерэі, контрфорсы, эркеры. Нядаўна гэтым будынкам споўнілася 70.

Асмалоўка сёння - гэта 2 кварталы ў межах сучасных вуліц Багдановіча, Камуністычнай, Куйбышава і Кісялёва. Тут размешчаны 39 двухпавярховак у адзіным архітэктурным стылі. А сваю назву раён атрымаў ад імя стваральніка - савецкага архітэктара Міхаіла Асмалоўскага. 

Тут заўсёды жыла мінская інтэлігенцыя - навукоўцы, афіцэры і прафесары, пазней - артысты тэатра оперы і балета. І сёння тут можна сустрэць карэнных жыхароў раёна. 

У 2019-м Асмалоўка набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці


Лёс Асмалоўкі - знесці ці не - не раз быў аб'ектам спрэчак. Летась раён у 12 гектараў набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і зараз знаходзіцца пад аховай дзяржавы. На гэтай тэрыторыі забараняецца ўзводзіць прыбудовы і размяшчаць прамысловыя прадпрыемствы.

Вось так за звыклымі фасадамі ажыўленых вуліц хаваецца сапраўдная гісторыя Мінска, якую кожны можа ўбачыць на свае вочы. І ўваходны білет тут не патрэбны.