Арганізацыі змогуць будаваць арэнднае жыллё для работнікаў

5 ноября 2014
Cталічныя прадпрыемствы і арганізацыі змогуць будаваць арэнднае жыллё для сваіх работнікаў. У залежнасці ад фінансавых магчымасцяў кампаніі можна пабудаваць цэлы дом альбо некалькі кватэр. Пра гэта нам сёння паведамілі падчас прэс-канферэнцыі ў мэрыі. Выдзяляць зямельныя ўчасткі пад такія дамы будуць ва ўсіх раёнах горада незалежна ад таго, у якім знаходзіцца сама арганізацыя.

Антаніна Станкевіч з падрабязнасцямі.

Вырашыць кватэрнае пытанне для сваіх работнікаў змогуць самі работадаўцы. Арганізацыям, якія пажадаюць пабудаваць арэндныя дамы, сёння даюць зялёнае святло. Прычым будаваць можна як цэлыя дамы, так і некалькі кватэр на паях з іншымі прадпрыемствамі.

Зараз у сталіцы прыкладна 4 тысячы арэндных кватэр. Ахвотнікаў на кожную - ад 100 да 400 чалавек. Такі ажыятажны попыт тлумачыцца проста: яны ў 2-4 разы таннейшыя за камерцыйнае жыллё. Кошт залежыць ад метражу і аддаленасці ад цэнтра горада. Напрыклад, кошт аднапакаёўкі ў Шабанах не перавышае 600 тысяч беларускіх рублёў.

Дарэчы, прыярытэт пры будаўніцтве жылля ў горадзе аддаецца менавіта арэнднаму. Прыкладна 10 працэнтаў усіх пляцовак выдзяляць пад танныя дзяржкватэры. У першую чаргу у іх заселяць тых, хто даўжэй за іншых стаіць на чарзе, а таксама маладых спецыялістаў і творчых работнікаў.

Акрамя таго, у горадзе працягваецца будаўніцтва дамоў для шматдзетных сем'яў. Зараз на чарзе стаяць больш за 4 тысячы тых, хто выхоўвае траіх і больш дзяцей. Палова з іх сёння паляпшае жыллёвыя ўмовы.