Аранжавы ўзровень небяспекі ў Беларусі абвешчаны на заўтра

12 июля 2017

А колькі тон ападкаў вылілася на Беларусь гэтым летам, нашы навукоўцы пакуль не падлічылі. Але мінулы вечар зноў беларусы запомнілі з-за моцнага дажджу. Паводле інфармацыі МНС, пасля навальніцы з парывамі ветру да 18 метраў за секунду, пацярпелі дзевяць населеных пунктаў у Брэсцкай вобласці. У выніку моцнага дажджу ў Ваўкавыскім раёне размыты ўчастак дарогі. Пацярпелых няма. Ратавальнікі паведамляюць, што на працягу сутак на тэрыторыі краіны перыядычна парушалася электразабеспячэнне ў кожным пятым населеным пункце Мінскай вобласці. А ў Салігорску затапіла паркоўкі і нават першыя паверхі некаторых будынкаў. У Слуцкім і Нясвіжскім раёнах моцны вецер пашкодзіў дахі дамоў. У Мінску стыхія не прынесла сур'ёзных праблем. Аднак аранжавы ўзровень небяспекі ў Беларусі абвешчаны і на заўтра. Па ўсёй краіне чакаюцца моцныя навальнічныя ліўні, парывісты вецер, месцамі пройдзе град.