Анлайн-трансляцыі каталіцкіх і праваслаўных набажэнстваў

8 апреля 2020
Упершыню 11 велікодных прамых эфіраў! У Гасподнія святы Белтэлерадыёкампанія рыхтуе эксклюзіўныя анлайн-трансляцыі каталіцкіх і праваслаўных богаслужэнняў. Пачынаючы з заўтрашняга Вялікага Чацвярга для католікаў і сканчаючы праваслаўным Вялікаднём, на тэлеканале "Беларусь 3" у рэальным часе - усе службы паводле канонаў. Трансляцыя з Архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску. 

Такім чынам, ТБ-марафон набажэнстваў пачнуць заўтра для каталіцкіх вернікаў. Набажэнствы ў Вялікі Чацвер і ў Вялікую Пятніцу пакажуць на "Беларусь 3" у 19:00. А Хрэсны шлях з рымскага Калізея з удзелам Папы Рымскага Францыска - у прамым эфіры 10 красавіка ў 23:20. Святочнае набажэнства ў Вялікдзень - традыцыйна на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" у суботу, у 21:45. Белтэлерадыёкампанія будзе трансліраваць і Велікоднае пасланне і благаславенне "Граду і свету" ад Папы Рымскага. Нядзельныя кадры з Ватыкана  ў 16:20 на "Беларусь 3".

Ксёндз Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі: "Мы вельмі ўдзячныя за цудоўнае супрацоўніцтва, якое сёння існуе паміж Белтэлерадыёкампаніяй і каталіцкім касцёлам. Сёння вернікі будуць мець такую цудоўную магчымасць удзельнічаць у прамых уключэннях у Вялікі Чацвер, у Вялікую Пятніцу".

Наталля Марынава, галоўны дырэктар дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 3":  "Упершыню на каналах Белтэлерадыёкампаніі і менавіта на тэлеканале "Беларусь 3" так маштабна мы запрашаем далучыцца да нас, да прамых трансляцый набажэнстваў. Я лічу, што ў гэты час гэта асабліва важна, таму мы гэтыя трансляцыі арганізуем не толькі ў тэлевізійным эфіры, а таксама на сайце "Беларусь 3".

16 і 17 красавіка  ўпершыню па тэлебачанні пакажам чын абмывання ног, вячэрню з вынасам Плашчаніцы і ранішні чын яе пахавання.
Сыходжанне Жыватворнага агню ў храме Гроба Гасподняга  ўбачым у прамым эфіры на "НТБ-Беларусь". Трансляцыя з Іерусаліма пачнецца ў 13:15 у наступную суботу. А галоўнае набажэнства на Светлае Хрыстова Уваскрэсенне таксама паводле традыцыі на "Беларусь 1" і "Беларусь 24" адбудзецца бліжэй да паўночы.
Дарэчы, далучыцца да святочных службаў можна не толькі з дапамогай тэлеканалаў, але і ў інтэрнэце з любой зручнай вам лакацыі. Трансляцыю можна знайсці ў доступе на сайце "Беларусь 3". 

ксёндз Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі: "Вялікдзень - 2020 будзе незвычайным, не такім, як мы заўсёды прызвычаіліся перажываць. Вось гэта таксама праверка нашай веры, нашай духоўнасці, на што мы робім акцэнт: на асвячэнне вярбы ці страў на велікодны стол, ці ўсё ж мы робім акцэнт на духоўныя перажыванні".


У раскладзе для праваслаўных вернікаў 6 прамых трансляцый

Праваслаўныя вернікі змогуць далучыцца да набажэнстваў праз тэлетрансляцыі таксама ў гэту нядзелю. Па календары яна  Вербная. Чароўная літургія на "Беларусь 3"  пачнецца ў 9:50 раніцы. На працягу тыдня пакажам і падрыхтоўчыя ютрані, вячэрні і літургіі перад галоўнай святочнай службай на Вялікдзень. З поўным раскладам трансляцый можна азнаёміцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі.