Яны атрымалi новую працу і адначасова змянiлі месца жыхарства

3 августа 2015

З пачатку года ў працаўладкаванні і перасяленні ў Мінскую вобласць атрымалі дапамогу звыш трох дзясяткаў беларусаў. Перасяленцы змаглі скарыстацца адразу некалькімі сацыяльнымі бонусамі: кожны атрымаў аднаразовую грашовую дапамогу, а нядаўна працаўладкаваным беларусам пакрылі выдаткі на пераезд. Рэпартаж Дзiяны Равяковай.

Гаспадар сям'і Дзяніс Панфіла ў вёсцы Арэшнікі Смалявіцкага раёна ўладкаваўся па той жа спецыяльнасці, па якой працаваў і ў Баранавічах, – трактарыстам.
Вольга Панфіла прызнаецца: на рашэнне пераехаць у вёску ў першую чаргу паўплывала здароўе малодшай дачкі. Медыкі парэкамендавалі дзяўчынцы часцей знаходзіцца на свежым паветры. У выніку сям'я змяніла гарадскую двухпакаёвую кватэру на прасторны загарадны дом, які паводле кантракта падаў наймальнік.
Падчас пераезду ў сельскую мясцовасць, акрамя жылля, працаўладкаваны беларус можа таксама разлічваць на матэрыяльны бонус памерам дзевяць бюджэтаў пражытачнага мінімуму, а гэта звыш трынаццаці мільёнаў рублёў. Жыллёвыя ж варыянты могуць быць цалкам рознымі, яны залежаць ад магчымасцяў наймальніка.

Гэта могуць быць і інтэрнаты, і прыватныя дамы або кватэры ў жылым фондзе, калі яны маюцца, у тым ліку і арэнднае жыллё. У некаторых гаспадарках падаецца магчымасць пасля вызначанага часу працы прыватызаваць гэтае жыллё ва ўласнасць. Акрамя жыллёвага бонусу, наймальнікі абяцаюць і добры заробак.

З пачатку года служба занятасці нашай краіны дапамагла адначасова працаўладкавацца і перасяліцца ў Мінскую вобласць ужо шаснаццаці беларускім сем'ям. Да канца ж 2015 лічба працоўных сямейных перасяленняў у цэнтральны рэгіён, паводле прагнозаў, дасягне ўжо амаль паўсотні.