Паляванне з сабакам

12 февраля 2016

У Мінскай вобласці з кожным годам гэты від актыўнага адпачынку прываблівае ўсё больш аматараў. Сёння ў цэнтральным рэгіёне налічваецца звыш сямі з паловай тысяч афіцыйна зарэгістраваных паляўнічых сабак. Дзе яны ўдасканальваюць майстэрства і як падчас палявання становяцца раўнапраўным партнёрам гаспадара, высвятляў Аляксандр Харавец.

Гучны свіст, узмах рукі гаспадара - і вось Дзюк з Жакам адпраўляюцца шукаць здабычу. Як кажа Аляксей Сцепанчук, яго ганчакі - вопытныя паляўнічыя. І месца, дзе сядзіць дзікая качка або гусь, могуць знайсці за некалькі хвілін. Чатырохногія сябры разумеюць свайго гаспадара літаральна без слоў.

Асноўная задача сабакі - знайсці здабычу і прывесці да яе паляўнічага. А дзікага звера ў нашых лясах хапае. Ды і едуць па трафеі не толькі беларусы, але і аматары такога адпачынку з-за мяжы. Сёння паляваць дазволена на бабра, кабана, амерыканскую норку, андатру, ваўка і лісіцу.

Паляўнічае майстэрства сабакі адточваюць вось у гэтым вальеры. Яго памеры прыкладна пяць гектараў. Менавіта тут чатырохногіх прытраўліваюць на кабана. Зрэшты, сам аб'ект палявання на сабачы брэх амаль не рэагуе. Вось ужо 11 гадоў Яша - менавіта так клічуць дзіка - выступае ў ролі трэнажора. Пры гэтым пазіруе на камеру.

Усяго ж на тэрыторыі вобласці зарэгістравана больш за сем з паловай тысяч паляўнічых сабак. Большасць з іх менавіта лайкі. Паводле слоў вопытных паляўнічых, прадстаўнікі гэтай пароды здольныя паляваць на любога звера. А вось ягдтэр'ерам і бардэр-тэр'ерам няма роўных у выяўленні здабычы ў нары. Дарэчы, у красавіку ў Валожынскім раёне пройдуць міжнародныя спаборніцтвы па паляванні ў норах.