Зварот жыхароў дома па вул. Пралетарскай у Старых Дарогах на асабістым кантролі Аляксандра Турчына

17 апреля 2024

Праблемныя пытанні жыхароў Мінскай вобласці сёння ў цэнтры ўвагі губернатара. Аляксандр Турчын правёў асабісты прыём грамадзян у Старых Дарогах. Сярод асноўных тэм зваротаў - добраўпарадкаванне, працаўладкаванне, пытанні зямельных участкаў. Асабліва рэзанансным стаў зварот жыхароў дома № 8 па вуліцы Пралетарскай у Старых Дарогах. Будынку больш за 60 гадоў, там пражываюць пажылыя людзі. Летась мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка перастала абслугоўваць дом. Прычына - у канструкцыі самога будынка: там няма агульных пад'ездаў, кожная кватэра мае асобны выхад. Згодна з новымі нарматыўнымі актамі, жыллёва-камунальная гаспадарка не павінна іх абслугоўваць. У Старадарожскім раёне дамоў такога тыпу 14. Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын паабяцаў знайсці варыянты вырашэння пытання.

Адзначым, сам горад сёння маштабна абнаўляюць. Упрыгожваюць  і галоўную плошчу райцэнтра. Для гэтага ёсць адразу некалькі юбілейных  дат: стагоддзе  раёна і 500  гадоў   Старым Дарогам.