"Нясвіж: даўніна і сучаснасць" - тры дні горад жыў фестывалем камернай музыкі

31 августа 2023

"Нясвіж: даўніна і сучаснасць" - тры дні гістарычная "пярліна" Беларусі, горад-помнік  жыў фестывалем камернай музыкі. Адносна малады, ён прыўносіць у культурнае жыццё Нясвіжа і ўсёй Беларусі непаўторную яркую фарбу. Тры музычныя вечары і праграма, у якой акадэмічная класіка,  сучасная музыка, джаз. На адкрыцці творчай імпрэзы пабывала Наталля Бардзілоўская.

Нясвіжскі палац, музей-запаведнік сёлета адзначыць 30 гадоў з таго моманту, калі ён быў далучаны да нацыянальнага гісторыка-паркавага комплексу. Тут пачалася рэстаўрацыя, аднаўленне, вынікі якога мы бачым сёння. У 2005 годзе нясвіжскі помнік быў уключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А галоўнае -сёння гэта адна з самых любімых і жаданых лакацый для саміх беларусаў. Тут можна дакрануцца да гісторыі, да даўніны, наведаць выставы, прыняць удзел у квестах, паслухаць музыку.

Заснавальнікам традыцыі музычных сустрэч у Нясвіжы быў Вялікі тэатр Беларусі з яго "Вечарамі ў палацы Радзівілаў". "Музы Нясвіжа" - форум ад Нацыянальнага канцэртнага аркестра ў час, калі ім кіраваў маэстра Фінберг. Пляцоўкі тых сустрэч - унутраны двор палаца і касцёл Божага цела. Але некалькі гадоў таму музыка загучала ўнутры Нясвіжскага палаца. Камерная зала з утульнай сцэнай, белым раялем, добрай акустыкай не павінна прастойваць, вырашыла вядомы беларускі музыкант Таццяна Старчанка і ўзяла на сябе смеласць і гонар агучыць пад скляпеннямі палацавага пакоя спачатку фартэпіянную музыку, потым сабрала вакол сябе калектыў энтузіястаў, прафесійных артыстаў, якія цяпер касцяк фестывалю "Нясвіж: даўніна і сучаснасць".

Альбіноні, Шапэн, Бах, Вівальдзі  ў адной праграме з сусветна вядомымі класікамі далёкага мінулага, шэдэўры кампазітараў новага часу: Глас, Шастаковіч. Асаблівасць фестывалю закладзена ў яго назве "Даўніна і сучаснасць". Прынцып спалучэння твораў розных эпох і ў праграме беларускай музыкі, якую мэтанакіравана прасоўвае фестываль. Музыка ад Галіны Гарэлавай і Аляксандра Ліцвіноўскага ў адной афішы з Восіпам Казлоўскім і Станіславам Манюшкам.

Нясвіжскі палац з яго ўнікальнай прыгажосцю і гістарычнай каштоўнасцю заламі  абавязвае. Тут павінна гучаць і гучыць лепшае з музычнага мастацтва ў найлепшым выкананні. Артысты Вялікага тэатра Беларусі, камерны калектыў "Класік-джаз трыа" і піяністка Таццяна Старчанка - госці, на якіх спецыяльна ідзе нясвіжская публіка і традыцыйныя выступленні якіх з задавальненнем у сваю праграму ўключае музей-запаведнік.

Акрамя жнівеньскага фестывалю, музычны тандэм  пад кіраўніцтвам Таццяны Старчанкі дае яшчэ і канцэрты ў снежні. Адыграўшы летам, артысты ўжо рыхтуюцца да нясвіжскіх Каляд.