Нумізматы папаўняюць свае запасы беларускімі капейкамі і рублямі

21 июля 2016

Асаблівую каштоўнасць для калекцыянераў уяўляюць абсалютна новыя банкноты і манеты, якія яшчэ не былі ў звароце.

Надзея Сербіненка даведалася, як свет нумізматаў сустрэў новыя беларускія грошы. Холдары для манет, альбомы для захоўвання банкнот, лупы і сейфы. Таварамі для нумізматаў - калекцыянераў манет і банкнот - Юрый Іваноў займаецца шмат гадоў. Са з'яўленнем новых беларускіх грошай працы ў магазіне толькі дадалося. Многія нумізматы ўжо маюць калекцыйныя манеты, выпушчаныя Нацбанкам. Зараз свае "скарбонкі" папаўняюць першымі экзэмплярамі новых манет.

Галоўнае месца збору нумізматаў з усёй краіны на працягу апошніх трыццаці гадоў - Палац культуры чыгуначнікаў. Два разы на тыдзень больш за сто калекцыянераў наведваюць хол палаца. Тут можна знайсці антыкварныя рэчы, старадаўнія прадметы побыту, значкі, маркі, паштоўкі і, вядома, манеты і банкноты.

Калекцыянеры выбіраюць манеты па пэўных прыкметах: краіна і год выпуску, пэўная эпоха, малюнак на рэверсе і аверсе, матэрыял, з якога яны зроблены ці адметнасць манетнага двара. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць манеты, адчаканеныя з хібамі і памылкамі ці максімальна новыя – якія яшчэ не былі ў звароце.

Новыя банкноты і манеты выклікалі сапраўднае ажыўленне ў колах калекцыянераў. Літаральна ў першыя гадзіны дэнамінацыі апантаныя людзі імкнуліся займець абсалютна новыя беларускія грошы.

Да новых беларускіх грошай нумізматы толькі пачынаюць прыглядацца. Але цікавыя экзэмпляры – з пэўнымі адметнасцямі – збіральнікі ўжо заўважылі. Яны і стануць асновай для новых каштоўных калекцый.