Новы сядзібна-паркавы комплекс з’явіўся ў Пухавіцкім раёне

2 июля 2015

Аўтэнтычнасць, гісторыя і сучаснасць. Новы сядзібна-паркавы комплекс з’явіўся ў Пухавіцкім раёне на месцы былой сядзібы знакамітага роду Агінскіх. У "Дукорскім маёнтку" адрэстаўравана ўязная брама XIX стагоддзя, па фатаграфіях адноўлена стайня, з'явіліся домікі для турыстаў, карчма, бровар, дзіцячая «Паляна казак». Візітнай карткай маёнтка стаў перакулены дом, у якім усё дагары нагамі.

На экскурсіі пабывала Наталля Кузьміцкая. Старадаўнімі мелодыямі, выкананымі на дудзе, сустракае гасцей "Дукорскага маёнтка" арт-дырэктар Андрэй Захаранкаў. За 5 гадоў на гэтым месцы атрымалася адрадзіць не толькі сядзібу, якая ў розны час належала знакамітым сем’ям Сапегаў, Завішаў, Агінскіх, але і яе побыт і былыя шляхецкія традыцыі.

Знаёмяць наведвальнікаў з багатай гісторыяй дукорскіх мясцін праз народныя промыслы: на вуліцы майстроў можна самастойна выкаваць стрэлы, зрабіць свечку, паспрабаваць сябе ў ролі півавара ці ганчара.

Ёсць у "Дукорскім маёнтку" і месца, якое яшчэ перад афіцыйным адкрыццём сядзібы стала сапраўднай турыстычнай Мекай.

Адна з адметнасцяў сядзібнага комплексу - перакулены дом. Зараз мы знаходзімся на кухні, аднак паесці ці прыгатаваць тут што-небудзь наўрад ці атрымаецца.

Дом крыху нахілены. Калі пераступаеш парог, візуальна ўхіл амаль не назіраецца, аднак варта зрабіць некалькі крокаў наперад, як цела тут жа хіліцца ў бок.

Акрамя гэтага, у маёнтку шмат інтэрактыўных пляцовак. Апрабаваць вяровачны гарадок, пастраляць з лука або прыняць удзел у тэатралізаваным паказе ўсіх, хто жадае, запрашаюць 4 ліпеня на фестываль "Дукорская брама".