Новы ўзровень сацыяльнай інфраструктуры Мінска - вядзецца работа па шаснаццаці аб'ектах аховы здароўя

11 апреля 2022

У Мінску ў найбліжэйшы час адкрыюць адразу дзве паліклінікі – 15-ю гарадскую і 9-ю дзіцячую. У цэлым па інвестыцыйнай праграме вядзецца работа па шаснаццаці аб'ектах аховы здароўя мегаполіса.

Наваселле чакае і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У новы прасторны корпус пераедуць адразу некалькі яго факультэтаў. Пра будаўніцтва як фактар развіцця Мінска - Аляксей Кандраценка.  

Сталічная вуліца Даўгабродская -  індустрыяльная лакацыя Мінска. Тут, напрыклад, знаходзяцца завод шасцерань і Мінскі трактарны завод. І вось пэўная вулічная дамінанта пераходзіць на новыя сацыяльныя аб'екты. 

Сяміпавярховы прасторны будынак з яркім фасадам на трэць зоймуць факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, астатняя частка прыме студэнтаў Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава. Агульнае наваселле ўжо хутка. 

Недалёка па Даўгабродскай яшчэ адна новабудоўля, якая рыхтуецца прыняць юных пацыентаў Партызанскага раёна. 

Новы будынак 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі размясціўся побач са спартыўным комплексам, а таксама медыцынскім каледжам. Апошні, дарэчы, яшчэ і пастаўшчык кадраў. 

Паліклініку ўзвялі на месцы старой. Многія кабінеты ўрачоў, працэдурныя зараз прыводзяць у парадак, паступова усталёўваюць медыцынскую тэхніку.  

У цэлым Партызанскі раён Мінска, якому сёлета спаўняецца 45 гадоў, адзін з акцэнтаў робіць на развіццё сацыяльнай сферы, а таксама будаўніцтва жылля.  

Нямала значных будаўнічых пляцовак і ў яшчэ аднаго 45-гадовага юбіляра - Маскоўскага раёна сталіцы. Ужо хутка фінал будаўніцтва першага гарадскога транспартнага кальца. Гэта вялікі інфраструктурны праект усяго мегаполіса. 

У Маскоўскага раёна з'явіцца і новы арыгінальны жылы комплекс. У адказ на Мінскі квартал у горадзе на Няве ў нас будуюць Санкт-Пецярбургскі. Архітэктурная канцэпцыя раскрывае марскую тэматыку. 

Сістэму аховы здароўя раёна ўзмоцніць і новы будынак 15-й паліклінікі. Установа разлічана на 850 наведванняў за змену. Хутка будуць гатовы ўсе кабінеты. А з сярэдзіны красавіка сюды пачнуць завозіць і медыцынскае абсталяванне.