Новы лідар у Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

2 июня 2018

Дзмітрый Варанюк раней узначальваў Мінскі абласны камітэт моладзевай арганізацыі. Новае кіраўніцтва БРСМ выбрана падчас 43-га з'езду грамадскага аб’яднання. Больш за тысячу актывістаў з усіх рэгіёнаў планавалі стратэгію развіцця на наступныя 5 гадоў. Надзея Сербіненка - пра дзейнасць моладзевай арганізацыі.

Самі сябе яны называюць стаідэйшчыкамі! Праз праект, які ўжо стаў брэндам Рэспубліканскага саюза моладзі, прайшлі тысячы ініцыятыўных людзей. "100 ідэй для Беларусі" - пляцоўка, дзе смелыя ідэі беларускіх школьнікаў і студэнтаў дапамагаюць увасобіць у жыццё. Маладыя людзі прэзентуюць ментарам свае распрацоўкі ў прамысловасці, энергазберажэнні, біятэхналогіях, IT-сферы. Шукаюць спонсараў і знаходзяць.

Моладзевыя ініцыятывы - працяг лепшых традыцый. Так, студатрадаўскі рух развіваецца і сёння. Актывісты БРСМ гучна заявілі пра сябе і падчас найбуйнейшага Міжнароднага моладзевага форуму ў Сочы. XIX Сусветны фестываль студэнтаў сабраў дэлегацыі больш як з 180 краін. Там беларусы прэзентавалі ўсім гасцям II Еўрапейскія гульні, прапанавалі згуляць у міні-хакей дэлегацыі з Зімбабвэ і правялі інтэрнацыянальны "Адкрыты дыялог".

Рашэнне аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі было прынята 6 верасня 2002 года. На той момант БРСМ аб'яднаў дзве структуры - Саюз моладзі і Патрыятычны саюз. Сёння БРСМ аб'ядноўвае амаль паўмільёна маладых людзей.

Свае камітэты ёсць у кожнай з шасці абласцей, а таксама ў Мінску. Галіновыя камітэты, якія аб'ядноўваюць працоўную моладзь, арганізаваны пры некалькіх міністэрствах, банках, у буйных калектывах.

Стаць часткай галоўнай моладзевай арганізацыі краіны можа любы грамадзянін Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Саюз аб’ядноўвае мноства ініцыятыўных, таленавітых маладых беларусаў. Анастасія Лапко распрацавала інавацыйны прэпарат для ачысткі крыві і атрымала грант. А нядаўна разам з мужам пакарыла высокія вяршыні Еўропы і Афрыкі - Эльбрус і Кіліманджара. З сабой энтузіясты захапілі і флаг БРСМ.

Дзмітрый Варанюк - новы лідар рэспубліканскай моладзевай арганізацыі - дагэтуль узначальваў Мінскі абласны камітэт БРСМ. За адказную справу бярэцца з перакананнем: ідэі і ініцыятывы маладых людзей абавязкова прынясуць добрыя вынікі.

Дзмітрый Варанюк, першы сакратар ЦК БРСМ:

"Галоўная мэта - каб кожны малады чалавек адчуваў, што сёння такое БРСМ, і хацеў далучыцца да гэтага руху. Гэта самае галоўнае. Мы хочам зламаць любыя стэрэатыпы аб тым, што гэтыя 4 літары асацыююцца з чымсьці негатыўным. Мы хочам перавесці ўсё на канструктыўныя рэйкі і зрабіць арганізацыю па-сапраўднаму моладзевай, сучаснай, новай і патрэбнай кожнаму".

Новыя прапановы арганізацыі - падняць планку моладзевага ўзросту з 31 да 35 гадоў і стварыць пад эгідай аб'яднання шматпрофільныя моладзевыя цэнтры занятасці, якія дазволяць дапамагаць у працаўладкаванні не толькі ў складзе студэнцкіх атрадаў, але і індывідуальна.