Новыя факты гісторыі, рэдкія фатаграфіі і архіўныя дакументы - гісторыя дзвюх сусветных войнаў паказана ў экспазіцыі Мірскага замка

20 февраля 2024

У музеі "Замкавы комплекс "Мір" адкрылі абноўленую экспазіцыю, прысвечаную перыяду дзвюх сусветных войнаў. Акцэнт зроблены на падзеях, якія адбываліся ў самім замку або на тэрыторыі блізкіх населеных пунктаў. Алена Борматава расказала пра тое, як выяўлялі дакументы і што ўтойвалі прыватныя архівы.

Парахавая вежа Мірскага замка - такую назву ў гісторыкаў атрымала паўночна-ўсходняя вежа за тое, што ў ёй або побач з ёй знаходзіўся парахавы склад, які падчас вайны з Напалеонам узарвалі. Сёння ў гэтай частцы замка размешчана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі дзвюх сусветных войнаў. Што цікава: старажытныя сцены не закрыты экспанатамі, іх размясцілі па крузе ад лесвіцы - на ўнутраных плошчах. Кожны ярус паказвае асобны перыяд - Першая сусветная вайна, міжваенны час і Другая сусветная вайна.

Ёсць у тым ліку  і фота жыхароў даваеннага Міра  на фоне замка: жанчыны, усмешлівыя маладыя людзі, шчаслівыя дзеці. Усе яны і не здагадваліся, што ўсяго праз некалькі гадоў гэтыя сцены стануць для іх пеклам і месцам гібелі іх родных. Людзі, якія выжылі, да канца жыцця не ўспрымалі замак як помнік архітэктуры. Для іх ён стаў сінонімам трагедыі і гора.

У маі 1942 года ў Мірскі замак нацысты перамясцілі гета. Каля 850 чалавек - дарослых і дзяцей. Яны знаходзіліся ў халодных падвальных памяшканнях старажытнага палаца. Але ўжо праз 3,5 месяца - 13 жніўня 1942-га - вязняў расстралялі. Каля 200 чалавек уцяклі, выжылі менш за палову. Вядомыя імёны толькі чатырох чалавек, адна з іх - Сара Ландэр.

"Сара ўспамінала, што ў Мірскім замку прымалі яд дзядуля і бабуля, расказвала, як яе цётка Соня давала сваёй 5-гадовай дачцэ Рывачцы яд, таму што яны разумелі, што іх павінны расстраляць. І лепш ужо прыняць яд, як яны лічылі, чым быць расстралянымі ў яме", - расказала намеснік дырэктара музея "Замкавы комплекс "Мір" Вольга Навіцкая.

Практычна адразу пасля знішчэння гета ў сценах Мірскага замка нацысты стварылі своеасаблівы рэабілітацыйны цэнтр для нямецкіх лётчыкаў і цэнтр навучання салдат вермахта. Верагодна, на рэабілітацыю прывозілі падданых Трэцяга рэйха пасля лячэння ў шпіталі ў Нясвіжы. Сёння ў музеі ўпершыню дэманструюцца фотакопіі з прыватнай калекцыі, што належала ўдзельніку Першай сусветнай, які служыў каля Мірскага замка. На іх адлюстраваны і франтавы побыт, і архітэктурныя помнікі таго перыяду.

Крысціна Варанко, навуковы супрацоўнік музея "Замкавы комплекс "Мір":

Недалёка ад Мірскага замка ў гады Першай сусветнай вайны праводзіліся выпрабаванні хімічнай зброі. Гэта малавядомы факт у гісторыі. Гэта мы даведаліся дзякуючы калекцыі Мікалая Аляксандравіча Шылава - выбітнага рускага фізіка-хіміка, які ў гады Першай сусветнай вайны працаваў над стварэннем сродкаў супрацьхімічнай засцярогі.

Гэта тэма ў навуковых колах практычна не вывучана. Экспазіцыя - своеасаблівая адпраўны пункт для даследчыкаў. Тым больш сёлета спаўняецца 110 гадоў з моманту пачатку Першай сусветнай вайны.