Навагодні квест для юных дэтэктываў праводзіць музей Міністэрства ўнутраных спраў

3 января 2019

Сапраўдны навагодні квест для юных дэтэктываў - у музеі Міністэрства ўнутраных спраў. Адчуць сябе следчым і акунуцца ў атмасферу раскрыцця злачынства дапамагаюць тэматычныя дэкарацыі і заданні. Перад юнымі наведвальнікамі стаіць няпростая задача - знайсці выкрадзенага Дзеда Мароза і выратаваць галоўнае зімовае свята.

Карына Ганчарэвіч, вучаніца СШ № 32 г. Мінска: "Мы знаходзілі Дзядулю Мароза, мы знаходзілі падарункі, вывучалі розных людзей: спецназ, міліцыю, рэгуліроўшчыка".

Антон Санкевіч, начальнік цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС Беларусі: "Сёлета мы запусцілі пілотны праект, паколькі ўбачылі, што інфармацыя аб гісторыі беларускай міліцыі для малодшага пакалення найбольш эфектыўна засвойваецца менавіта праз інтэрактыўнае ўзаемадзеянне. Паколькі сам музей пасля абнаўлення і рэканструкцыі адкрыўся ў 2017 годзе, у нас зараз дастаткова шмат тэхнічных прылад, дзякуючы якім мы можам даносіць інфармацыю ў інтэрактыўным ключы".

У квесце ўзялі ўдзел вучні спецыялізаваных прававых класаў сталічных школ. Дзецям задалі пытанні і праверылі іх веданне правілаў дарожнага руху, а таксама азнаёмілі з асновамі міліцэйскай справы.