Некалькі гадзін у заторы - а потым на канцэрт

20 августа 2013
І як знайсці алгарытм, пры якім 15 тысяч гледачоў застануцца задаволеныя, а комплекс навучыцца зарабляць? Нагадаем, на сённяшні дзень Арэна акупілася толькі на 60,5%.

Юлія Аляксандрава разбіралася ў сітуацыі.

Вось так выглядае Мінск-Арэна за 3 гадзіны да пачатку хакейных матчаў ці канцэртаў з удзелам папулярных артыстаў. На паркоўцы ёсць свабодныя месцы, ля дарогі няправільна прыпаркаваных машын - нуль. Выходзіць, каб пакінуць аўто і адправіцца на мерапрыемства, трэба сапраўды прыязджаць загадзя.

Сітуацыя тупіковая. Уладальнікаў аўто кіраўніцтва комплексу ласкава адпраўляе на паркоўку гандлёвага цэнтра, што праз дарогу. Другі варыянт вельмі марнатраўны - на год наперад аплаціць месца на падземным паркінгу.

Галіна Забур'янава, намеснік генеральнага дырэктара ШКСК Мінск-Арэна: Наша паркоўка, размешчаная ля Мінск-Арэны, разлічана ўсяго на 1080 месцаў. Калі на канцэрт прыязджае 12-13 тысяч, гэта натуральна, што месцаў не хапае. Магу прапанаваць толькі пастаянна браніраваць адно і тое ж месца.

Быў яшчэ і трэці варыянт. Друкаваць парковачныя месцы на квітках абяцалі яшчэ ў мінулым годзе.

Галіна Забур'янава, намеснік генеральнага дырэктара ШКСК Мінск-Арэна: Рэч у тым, што няма алгарытму вырашэння гэтага пытання. Хакейны клуб Дынама спачатку ўзяўся за гэта, потым чамусьці яны пакінулі гэтую ідэю. Можна прапанаваць новаму кіраўніцтву вярнуцца да гэтага пытання.

Рэдактар глянцавага часопіса і свецкая львіца Ірына Кабасакал, каб не мець праблем з паркоўкай, перастала прыязджаць на канцэрты на сваім аўто.

Дарэчы, менавіта гэтая лэдзі стала гераіняй скандалу, які выліўся ў Сетку пасля выступлення Depeche Mode. Гэта цытата Ірыны з блога.

… ад гукаў разагрэву галава разбалелася так, што не дапамаглі дзве таблеткі абязбольвальнага.

Не задаволеныя гукам засталіся і прыхільнікі Scorpions.

Праблема не ў апаратуры, сцвярджае арганізатар самых гучных канцэртаў у Арэне. Кажа, Джэніфер Лопес засталася задаволеная гукам, а ў яе ўся канцэртная апаратура належала Мінск-Арэне. Справа ў тонкасцях канструкцыі столі. Калі яе стваралі, не задумваліся, каб даць магчымасць артыстам сусветнай велічыні вешаць пад купал сваё абсталяванне.

Вось і атрымліваецца, што за тры гады існавання Арэна акупілася толькі на 60,5%. Зарабляць трэба больш, паўтараюць эканамісты. І нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Мінск-Арэны спасылаецца на асноўнае прызначэнне комплексу - забеспячэнне трэніровачнага працэсу і падрыхтоўка нацыянальных каманд, зрабіць так, каб пляцоўка акупалася, усё ж неабходна. Таму прыняць годнага ўзроўню зорку без праблем, з паркоўкай, грамадскім харчаваннем, гукам і святлом - проста патрэбна!