Незвычайная выратавальная аперацыя разгарнулася сёння ў Віцебску

12 апреля 2016

У цэнтры горада з палону вызвалялі янотападобнага сабаку. Жывёліна правалілася ў паглыбленне цокальнага паверха жылога дома. Звярка знайшлі супрацоўнікі фітнес-цэнтра. Перад трэніроўкай яны хацелі праветрыць памяшканне, а калі адкрылі жалюзі, не адразу зразумелі хто стаіўся за акном.

Ірына Арлова, дырэктар Віцебскага заапарка: "Вельмі часта янотападобныя сабакі прыходзяць у горад або нейкія вёскі, дзе ёсць лёгкая ежа. Яны ўсёеднымі лічацца, таму з задавальненнем спусташаюць смеццевыя кантэйнеры, якія стаяць, альбо ядуць нейкую ежу, якую пакідаюць бабулькі, што кормяць каля дамоў катоў".

Аб знаходцы паведамілі ў заапарк. Прыкмет шаленства ў жывёліны не выявілі, таму янотападобнага сабаку адвезлі ў лясны масіў за горад і выпусцілі.