Наша тэхніка становіцца ўсё больш запатрабаванай і ў прыватных фермераў

16 апреля 2018

Варта адзначыць, што наша тэхніка становіцца ўсё больш запатрабаванай і ў прыватных фермераў. Такія гаспадаркі зараз становяцца трэндам, і гэта нягледзячы на тое, што праца на зямлі і цяжкая, і адказная.

Да прыкладу, у Глубоцкім раёне Віцебскай вобласці зарэгістравана больш як 30 сялянска-фермерскіх гаспадарак. Прычым трэць з іх працуюць ужо больш як 10 гадоў. Фермеры вырошчваюць гародніну, ягады, разводзяць коз, авечак, коней. Марына Раманоўская прадоўжыць.

Сяргей Кавалёнак разам з жонкай Вікторыяй не баяцца цяжкай працы на зямлі. Да яе яшчэ ў дзяцінстве прызвычаілі бацькі. Некалькі гадоў таму сям'я занялася вырошчваннем бульбы і гародніны. Пачалі з двух гектараў. Першыя заробленыя грошы пайшлі на трактар. Зараз плошча земляў фермерскай гаспадаркі больш як 150 гектараў.

Сяргей Кавалёнак гаворыць: праца на зямлі патрабуе адказнасці і гаспадарскага падыходу. Пад рэалізацыю інвестпраекта фермер узяў нявыкарыстаны будынак былога збожжасклада. За тры гады зрабіў маштабную рэканструкцыю, абсталяваў адсекі для захоўвання гародніны. Зараз старая пабудова - як новая.

Гатовыя эксперыментаваць: сярод новых культур на плантацыі - суніца садовая. Таксама Сяргей і Вікторыя плануюць абсталяваць міні-цэх для серыйнай вытворчасці кіслай капусты і салёных агуркоў. Выпрабавальная партыя дэгустацыю прайшла.

Вырошчванне гародніны, ягад, гадоўля коз, авечак, коней. У Глубоцкім раёне - больш як 30 фермерскіх гаспадарак. Пры гэтым трэць з іх працуюць больш за 10 гадоў.

Якаў Серафімовіч адным з першых у раёне зарэгістраваў фермерскую гаспадарку. Распавядае: вырас у Мінску, але жыць марыў у вёсцы. Яшчэ ў дзяцінстве займаўся конным спортам. Прыгожае захапленне і стала пачаткам уласнай справы. Фермер разводзіць коней на продаж. А таксама запрашае на конныя шпацыры па экамаршруце, які стварыла сама прырода.

Як моцна трымацца ў сядле, ведае ўся сям'я. Жонка Ірына гаворыць: гэта толькі на першы погляд жыццё ў вёсцы можа здацца марудлівым. Але сумаваць не даводзіцца, працы заўсёды шмат. Вялікая гаспадарка, упэўненыя фермеры, гэта - вялікая адказнасць.

Побач з домам лес і некалькі азёр. У вольны час сям'я любіць гуляць па маляўнічых месцах. Якаў Серафімовіч гаворыць: менавіта прыгажосць і натхняе на новыя ідэі. А цяжкая сельская праца становіцца толькі ў радасць.