Парушыць правілы паркоўкі - адзінае выйсце?

22 апреля 2015

Зламаныя дрэвы, пашкоджаныя газоны і кветнікі. Менавіта такія наступствы няправільнага паркавання жыхары сталіцы назіраюць кожны дзень. У мінскіх дварах праблема даўно стала злабадзённай як для пешаходаў, так і для аўтамабілістаў. Вырашэння канфлікту чакаюць каторы год запар, але безвынікова.

Юлія Плытнік з падрабязнасцямі.

Мiнчанка Людміла Броўка амаль 25 гадоў жыве ў гэтым доме па вулiцы Кунцаўшчына. Кажа: колькасць аўтатранспарту ў двары з кожным годам павялiчваецца. А няправiльнае паркаванне ўвогуле надакучыла. Але высвятляць адносіны з парушальнiкамi ўжо стамілася.

А вось iнспектары ДАI з гаспадарамі аўтамабіляў размаўляюць ужо па-іншаму. Спачатку папярэджанне, а потым і штраф памерам 180 тысяч рублёў. Калі парушальнiка не знаходзяць, праблема вырашаецца з дапамогай эвакуатараў. Прыпаркаваныя на тратуарах і зялёных зонах машыны аказваюцца на штраф-стаянцы. Эвакуатар працуе кожны дзень. За змену звозiць у сярэднім дзесяць аўтамабiляў.

Зараз забудоўшчыкі перад тым, як узводзiць аб'ект, абавязкова ўлiчваюць i паркоўку. У доме на 100 кватэр павінна быць не менш за 125 месцаў для аўтамабiляў. А вось што рабiць астатнiм?

У доме каля 400 кватэр, а значыць і месцаў для паркоўкі павінна быць прыкладна столькі ж. У гэтым двары правільна прыпаркавацца могуць толькі 30 аўтамабілістаў. Астатнія - парушальнікі.

Атрымліваецца, што адсутнасць месцаў для паркоўкі прымушае пакiдаць свайго жалезнага каня то на дзіцячай пляцоўцы, то на тратуары, то на зялёнай зоне. Аляксандр яшчэ два гады таму адчуў, што парковак не хапае. Вадзіцель са стажам шчыра прызнаецца: машыну ставіць на тратуар. Парушыць правілы - адзінае выйсце. Нават у тры гадзіны раніцы месцаў няма.

Зараз у сталiцы актыўна будуюцца некалькi шматузроўневых паркiнгаў, што iстотна разгрузіць двары. Абураныя аўтаўладальнiкi прапануюць сваю iдэю - пашыраць паркоўкі ля дамоў, якія яшчэ будуюцца, каб тых, хто заселіцца ў кватэры, не азмрочыла праблема, якая пасварыла не адзін дзясятак суседзяў.