На вуліцах Мінска з'явіцца больш вертыкальных клумб

10 апреля 2019

У цэнтральным рэгіёне працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторый. У Мінску на вуліцах неўзабаве распусцяцца арт-кампазіцыі з кветак і хвоі, з'явіцца больш вертыкальных клумб. Акрамя таго, актыўна абнаўляюцца гарадскія скверы і паркі. Там не толькі высаджваюць дрэвы, але і ўладкоўваюць новыя месцы адпачынку і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

Усё больш мінчан далучаюцца і да гарадской экаініцыятывы "Зялёны двор разам". На тэматычны партал за 5 дзён звярнулася звыш паўсотні жыхароў. Яны самастойна выбіраюць пароды дрэў, якія ўпрыгожаць дваровыя тэрыторыі, і разам арганізоўваюць суботнікі. Для актывістаў падрыхтавана памятка, як правільна высадзіць дрэва і даглядаць яго.

Суботнікі прадоўжацца і ў гэтыя выхадныя - у сталіцы з'явяцца новыя сямейныя алеі, а таксама тэматычныя пасадкі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі.