На наступным тыдні - Мядовы спас

9 августа 2013

Праваслаўныя вернікі на наступным тыдні будуць сустракаць праваслаўнае свята - Мядовы спас. Але на кірмашах продаж залацістага прысмаку пачаўся ўжо сёння. У асноўным прапануюцца расійскія гатункі мёду, беларускія пчаляры да гандлёвых прылаўкаў дабрацца яшчэ не паспелі.


Наталля Кезік адправілася на пчальнік, каб даведацца, як выглядае якасны мёд, як адрозніць яго ад няякаснага. Ён як сапраўдны мужчына здольны забяспечыць сям'ю ды і не адну, а амаль дзве сотні. Трыццаць гадоў Уладзімір разводзіць і даглядае пчол. Раніцай з адной сям'і ён на працу прыходзіць у другую. А там дзясяткі тысяч насельнікаў.


Але без спецыяльнай экіпіроўкі да пчалінага доміка лепш не падыходзіць. Толькі з сеткай і дымаром. Сапраўдныя пчаляры ведаюць галоўны сакрэт сваёй справы - да вулля заўсёды трэба падыходзіць толькі з любоўю. Бо пчолы, як і жанчыны, агрэсіі не любяць.


За сезон з аднаго вулея можна сабраць 20 кілаграмаў мёду. Ураджай залежыць ад сілы і працавітасці сям'і. Прычым пчолы прыносяць двайную карысць - мёд і ўраджай апыленых раслін. У мінулым годзе такое супрацоўніцтва дазволіла сабраць толькі ў Лагойскім раёне паўтары тоны залацістага прысмаку.


Кармавыя плошчы для пчол высейваюць, як правіла, недалёка ад вуллёў. Любімыя расліны - грэчка, блакітныя кветкі фацэліі і рапс. На апошнюю культуру пчаляры робяць асаблівую стаўку. Рапсавы мёд лічыцца самым смачным і карысным. Але ў гэтым годзе на паліцах яго багацця не будзе. Надвор'е дадало сваю лыжку дзёгцю ў мядовую рапсавую бочку.


Рапсавы, грэцкі, верасовы - асноўныя віды мёду, якія збіраюць пчаляры ў цэнтральным рэгіёне. І гарачы сезон збору ўраджаю для іх толькі пачынаецца. У Мядовы спас мінчане наўрад ці паспеюць паспрабаваць свежы жнівеньскі мёд. Са сваёй прадукцыяй на прылаўкі пчаляры выйдуць толькі ў верасні.