На праспекце Незалежнасці з’явіцца новае асвятленне

15 января 2019

На галоўным праспекце Незалежнасці да пачатку маштабнага спартыўнага форуму з’явіцца і новае асвятленне са святлодыёднымі лямпамі і апорамі, устойлівымі да карозіі. Работы па замене на больш сучаснае і энергаэфектыўнае асвятленне ў першую чаргу правядуць на ўчастку ад вуліцы Свярдлова да Казлова. Дарэчы, першыя ўзоры новых асвятляльных мачтаў ужо ўстаноўлены на плошчы Перамогі. Адрозненні бачны здалёк. У ліхтароў не дзве лямпы, як у старым варыянце, а чатыры. А ніжняя частка - з кампазітных матэрыялаў.

Сёлета таксама плануецца развіваць сістэму аўтаматызаванага кантролю асвятлення, запланаваны капітальны рамонт архітэктурнага падсвету збудаванняў сталіцы. У найбліжэйшы час у розных раёнах Мінска з'явяцца і новыя светлавыя фігуры.