На прылаўках Беларусі з'явіцца новая шакаладная трылогія "Прэзідэнт. Эксклюзіў"

12 июня 2018

Сёння навінку можна было набыць у фірменных магазінах гандлёвай сеткі "Камунарка". Распрацавана яна па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Больш чым год таму "Камунарка" выпусціла першую салодкую без утрымання цукру пробу шакаладу пад аднайменнай назвай. За гэты час прадукт стаў сапраўды брэндам і любімым ласункам не толькі беларусаў, але і замежных знатакоў. Зараз адразу тры варыянты з розным працэнтам утрымання какавы. У чым перавага новай кандытарскай лініі?

Вольга Мядзведзь ацаніла смак эксклюзіўнага шакаладу.

Какава-лікёры з Кот-д'Івуара, Эквадора, Калумбіі і Венесуэлы ўпершыню сабраныя ў адной беларускай стаграмоўцы. Бабы гэтых краін круглы год пад сонцам, некаторыя дрэвы растуць з вулканічных парод, што дае ўнікальны мінеральны склад і эксклюзіўнасць.

Адсюль і адсылка ў назве новай лініі шакаладу "Прэзідэнт. Эксклюзіў", дзе ўпершыню ў кандытарскай гісторыі нашай краіны выкарысталі купаж - спалучэнне розных гатункаў зыходнага прадукту ў пэўнай прапорцыі для паляпшэння якасці.

Іван Данчанка, гендырэктар СААТ "Камунарка":

"Гэтых бабоў не так шмат у свеце, але іх дабаўленне надае асаблівасць. А калі яшчэ ўлічыць, што мы выкарысталі арганічны цукразаменнік, зроблены з сыроваткі малочнай, а не проста там раслінная стэвія або мальтыт, які больш падобны на хімічны элемент, то гэта і здаровы прадукт".

Дарэчы, у выглядзе своеасаблівай салодкай уверцюры да эксклюзіўнай серыі ўжо больш чым год мы маглі дэгуставаць прадукт пад маркай Кіраўніка дзяржавы. Распрацаваны па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, шакалад "Прэзідэнт" з 72-працэнтным утрыманнем какавы, на экстракце стэвіі замест цукру ўжо рассмакавалі ласуны і паставілі на першае месца ў топе ласункаў. Яго любяць, купляюць, адпраўляюць як сувеніры па розных краінах планеты. Прэм'ерная трылогія кардынальна адрозніваецца ад адзінкавага выпуску. Вядома, не толькі ўпакоўкай.

Вольга Царова, намеснік гендырэктара па якасці СААТ "Камунарка":

"Мы прадугледзелі, што ўсе катэгорыі грамадзян могуць сёння каштаваць гэты шакалад і купляць. Таму выкарысталі падсалоджвальнік лактытол, які ў 200 разоў саладзейшы за цукар і якога можна дадаць зусім трохі".

72-, 78- і 85-працэнтнае ўтрыманне какава-лікёру, яна ж какава цёртая... У кожнага сваё смакавае адценне. Паўгода тэхнолагі "Камунаркі" эксперыментавалі і з фантазіяй стваралі новы шакалад. Напрыклад, 72-працэнтная горкая плітка на смак з кіслінкай. 78 % - з арэхавай афарбоўкай і кветкавым водарам. А шакалад "Прэзідэнт. Эксклюзіў" 85 % самы моцны і брутальны. Уся серыя мае падоўжаную і больш тонкую форму, каб ласунак лягчэй і хутчэй раставаў у роце. Рэцэпт пад грыфам Top secret. Яго ведаюць толькі адзінкі.

Ірына Лапцева, намеснік начальніка шакаладнага цэха СААТ "Камунарка":

"На гэты ўчастак можа трапіць толькі вузкае кола спецыялістаў, якія ведаюць сакрэт прыгатавання шакаладу "Прэзідэнт. Эксклюзіў".

У гэтым цэху змешваюцца, а потым перамолваюцца ўсе інгрэдыенты, пасля чаго са шматтоннай ёмістасці гарачая маса ў 28 градусаў адпраўляецца на адліўку. Далей топлены шакалад чакае ахаладжальная камера. Для таго каб атрымаліся звыклыя плітачкі, тэмпература павінна быць як на вуліцы ў сакавіку ці красавіку - каля 10 градусаў вышэй за нуль.

Для брэндавай серыі - мадэрнізаванае абсталяванне. Пад першы выпуск шакаладу "Прэзідэнт" закупілі аўтаматызаваную тэхніку, якая не патрабуе ўмяшання чалавека, хіба што кнопку запуску націснуць. А вось з серыяй "Прэзідэнт. Эксклюзіў" увялі новую эксклюзіўную форму. Тут масу заліваюць у нарыхтоўкі 185 на 87 мм з беларускім арнаментам.

Дарэчы, менавіта гэты нацыянальны адметны элемент на маленькіх квадраціках чорнага шакаладу ацанілі нашы самыя суровыя эксперты. Для дэгустацыі навінкі мы звярнуліся да ласуноў са стажам. На дэгустацыйным рынгу тры сапернікі, адзін з іх - "Прэзідэнт. Эксклюзіў".

Чацвёра з шасці дэгустатараў, аблізваючы пальчыкі, аддалі першае месца прэм'ернай серыі. А двум з шасці спадабаліся ўсе разнавіднасці шакаладу.

Зараз меркаванне экспертаў, якім мы таксама прапанавалі пратэсціраваць горкі ласунак. Пасля пробы ўрач-дыетолаг зрабіла выснову, што такі шакалад не тое што можна, а трэба есці. У плітцы чорнага шмат магнію, ён карысны як сродак ад стрэсу.

Ірына Яблонская, урач-дыетолаг:

"Гэта на 100 % натуральны прадукт, у ім я не бачу нейкіх прымесяў, якіх варта асцерагацца, таго ж пальмавага алею. Яго тут няма, тут толькі какава-алей. Таму, мяркуючы па складзе, гэта добры прадукт. Гэты шакалад абсалютна натуральны".

Таксама шакалад прынята лічыць адным з алергенаў. Асабліва да такой рэакцыі на ласункі схільныя дзеці. Аднак сапраўдная прычына непрымання арганізмам - у наяўнасці розных харчовых дабавак і фарбавальнікаў, а не натуральных какава-бабоў. Склад шакаладу "Прэзідэнт. Эксклюзіў" ацаніла спартсменка і па сумяшчальніцтве будучая двойчы мама.

Марына Арзамасава, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь:

"Я зараз асабліва ўважліва сачу за тым, што я ем. Вядома, хочацца самыя лепшыя прадукты есці, якія пайшлі б на карысць мне і майму будучаму дзіцяці. У шакаладзе "Прэзідэнт" утрымліваюцца толькі самыя натуральныя інгрэдыенты, адсутнічаюць моцныя алергены".

А яшчэ па незалежную ацэнку мы звярнуліся да расійскага тэлежурналіста Сяргея Малазёмава - аўтара такіх папулярных праграм, як "Ежа жывая і мёртвая", а таксама "Цуд тэхнікі" на НТБ-Беларусь. Сам ён на якасць, карыснасць, смак, адпаведнасць нормам і далей па спісе пратэсціраваў сотні прадуктаў, у тым ліку і шакалад. Пад дэгустацыю падарунку з Беларусі выдзеліў святая святых – дамашнюю кухню. Вывучыўшы склад, Сяргей Малазёмаў адзначыў цукразаменнікі, а таксама прызнаўся, што плітку горкага заўсёды бярэ з сабой на здымачную пляцоўку для больш актыўнай работы мозгу. Магчыма ў перспектыве будзе выкарыстоўваць і шакалад "Прэзідэнт. Эксклюзіў".

Сяргей Малазёмаў, журналіст, тэлевядучы (Расія):

"Я чуў пра тое, што Прэзідэнт Беларусі апошнім часам актыўна выказваецца на тэмы, звязаныя са здаровым харчаваннем. Гэта значыць, што ён як след вывучыў пытанне. У гэтым прадукце я бачу баланс паміж смакам і карысцю. Гэта вельмі добры шакалад, гэта не той пластылін, які прадаецца ў магазінах пад некаторымі еўрапейскімі маркамі".

А гэта эксклюзіўныя кадры! Набор цукерак прэзідэнцкага брэнда, які вы не раз маглі назіраць на важных сустрэчах беларускага лідара. Абсалютна натуральны прадукт, без кансервантаў, мае невялікі тэрмін прыдатнасці. Кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае ласунак адразу з канвеера ў якасці сувеніраў для высокіх гасцей.

Дарэчы, менавіта калега і даўні блізкі сябар Аляксандра Лукашэнкі першым ацаніў новую кандытарскую серыю. Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон пакаштаваў удасканалены шакалад і высока ацаніў яго, а на Усходзе ведаюць толк у прысмаках.

А на днях шакаладны прэзент Аляксандр Лукашэнка ўручыў і Старшыні КНР Сі Цзіньпіну.

Масавае прыгатаванне па новай рэцэптуры стартавала пад прыцэлам нашага аб'ектыва. Вось сведчанне нараджэння новай кандытарскай легенды і традыцыі. З канвеера сышла дэбютная партыя. За адну змену "камунаршчыкаў" ствараецца каля 4 тон запакаваных плітак, гатовых адправіцца на прылаўкі. А вось для таго каб усе беларусы маглі купіць шакалад "Прэзідэнт. Эксклюзіў" у масмаркеце, фабрыка вырабіла каля 60 тон кожнага наймення з трылогіі. Ужо заўтра з паметкай "Навінка" кандытарская серыя будзе ў шырокім доступе.

З улікам таго, што "Прэзідэнт. Эксклюзіў" - гэта годны аналаг элітнага еўрапейскага горкага, то цана ў параўнанні з лідарамі гэтай галіны больш чым дэмакратычная. Напрыклад, бельгійскі або швейцарскі шакалад у нас каштуе прыблізна 7 рублёў, у той час як стаграмоўку без цукру пад маркай Кіраўніка дзяржавы можна набыць за 2,75.