На Нарачы рэканструявалі падзеі Першай сусветнай вайны

23 августа 2015

Сёлета ваенна-гістарычны фестываль прысвечаны 100-годдзю з дня ўтварэння лініі фронту на тэрыторыі Мядзельскага раёна.

Атмасферу свята ацаніла Карына Пашкова. Пах пораху, кулямётныя чэргі і наступ на германскую армію. Пастаноўка прадуманая літаральна да дробязяў, каб прадэманстраваць гледачу падзеі тых гадоў максімальна праўдападобна. І месца выбрна невыпадковае - вышыня 217. Менавіта тут у гады Першай сусветнай вайны і праходзіла лінія фронту.

Акрамя самой бітвы, для гасцей быў арганізаваны канцэрт. Але і тут ад сцэнарыя не адыходзілі, усё ў рамках таго часу - выступалі казакі. Акрамя таго, усе наведвальнікі свята змаглі прадэгуставаць і салдацкую кашу, і мясцовую юшку.

Такое мерапрыемства ў Мядзельскім раёне праводзяць ужо другі год запар. Прычым з кожным разам шоу прыцягвае ўсё больш гледачоў. Што цікава: паназіраць за маляўнічай пастаноўкай прыязджаюць не толькі беларусы, але і госці нашай краіны.

На мерапрыемства прыйшлі некалькі соцень гледачоў, бадай, большу частку з іх складалі дзеці. Назіраючы за ходам бою, нават самыя маленькія шчыра перажывалі за сваіх.

Госці свята змаглі ўбачыць пастаноўку не толькі бітвы тых гадоў. Таксама для гледачоў выступілі і байцы спецназа, якія прадэманстравалі ўжо сучасныя спосабы вядзення бою.