На дарогах і ў дварах сталіцы выявілі 250 пакінутых аўто

14 апреля 2016

Ржавы кузаў, спушчаныя колы і выбітае шкло - машыны з такімі прыкметамі трапляюць у спіс аўтахламу. Спачатку гаспадароў папярэджваюць. За трыццаць дзён аўто трэба адрамантаваць або пераставіць на спецыяльную паркоўку. У адваротным выпадку транспарт адбуксуюць на штрафстаянку. У рэйд па мінскіх дварах адправіўся і Ян Пашкевіч.

Спушчаныя колы, ржавы кузаў. Дыягназ гэтага мікрааўтобуса відавочны. Спецыяліст па эвакуацыі аўтахламу Сяргей Мілашэўскі адразу адпраўляе машыну на штрафстаянку.

Сяргей Мілашэўскі, спецыяліст ТАА «Белспецаўтаэвакуацыя»: "Пры падняцці машыны на эвакуатары фатаграфуем аўто з усіх бакоў. Гэтыя фота маюць прывязку да геалакацыі, і мы можам бачыць, дзе быў кінуты транспарт. Таксама на фота відаць, у якім стане быў аўтамабіль на час эвакуацыі".

"Санітарныя" рэйды па выяўленні "забытых" машын у сталіцы праводзяць спецыялісты камунальных службаў. Нядбайныя аўтаўладальнікі атрымліваюць паведамленні з патрабаваннем прывесці машыну ў належны стан і прайсці тэхагляд або пераставіць на спецыяльную стаянку.

Максім Каваленка, начальнік аддзела адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска: "Пасля 30 дзён, калі чалавек не прывёў у парадак свой транспартны сродак, мы яго эвакуіруем на штрафстаянку. Літаральна за апошнія два тыдні выявілі амаль 30 машын, і па іх сёння накіраваныя паведамленні. А машыны, якія без нумароў, эвакуіруем на наступны дзень пасля выяўлення".

Сёлета на дарогах і ў дварах сталіцы выяўлена амаль 250 небяспечных для язды машын. Палову з іх уладальнікі ўжо адрамантавалі.

Пасля зімы на штрафстаянку могуць трапляць да 10 аўтамабіляў за дзень. Прычым некаторыя з іх знаходзяцца у больш-менш добрым стане. Сустракаюцца сярод аўтахламу і рарытэтныя мадэлі, якія маглі б стаць упрыгажэннем многіх аўтакалекцый.

Стаянка для аўтахламу хутчэй нагадвае паркоўку гандлёвага цэнтра - зараз тут сваіх гаспадароў чакаюць амаль 60 машын. Пакуль арганізацыя па эвакуацыі аўто працуе ў эксперыментальным рэжыме - "ачышчае" ад пакінутага транспарту двары і вуліцы Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў.

Вольга Хараненка, юрысконсульт ТАА "Белспецаўтаэвакуацыя": "На працягу трох месяцаў чалавек можа забраць машыну, але будзе абавязаны аплаціць паслугі па стаянцы і эвакуацыі. У выпадку адмовы грошы спаганяюцца прымусова. Сама эвакуацыя каштуе каля мільёна, а суткі захоўвання на штрафстаянцы - 60 тысяч".

Таксама ўладальнік можа адмовіцца ад машыны. У такім выпадку прыйдзецца аплаціць паслугі па эвакуацыі і захоўванні аўто. Большасць безгаспадарных машын адправяць на ўтылізацыю. Дарэчы, здаць аўтахлам на металалом могуць і самі гаспадары і пры гэтым нядрэнна зарабіць - не менш за паўмільёна рублёў.