Маладая сям'я змяніла гарадскі камфорт на рай у вёсцы

2 марта 2016

Хлеб з печы, а замест зарадкі колка дроў і прагулкі да студні па ваду. Сем гадоў, як маладая сям'я Грэскіх змяніла гарадскі камфорт на рай у вёсцы. З густанаселенай сталіцы яны пераехалі на сялібу ў Гарадоцкім раёне. Да найбліжэйшых суседзяў не менш як кіламетр. Яны таксама з былых гарадскіх.

У госці да хутаранцаў адправілася Вольга Маслоўская.

Хутар Пруд - на ўскраіне паўночнай Беларусі. Апошнім часам пра яго пачалі забывацца, ва ўсялякім выпадку, аўтамабільны навігатар такога населенага пункта не ведае. Мабыць, і знік бы Пруд, каб не новыя жыхары. З самой сталіцы. Аблюбавалі маляўнічае месца ля ракі. Дом пачалі будаваць.

Інжынер-канструктар па адукацыі Ян Грэскі лёгка развітаўся з камфортам каменных джунгляў і паехаў у беларускую Арктыку. Менавіта так называюць суровы па клімаце Гарадоцкі раён. З жонкай Янай – урачом хуткай дапамогі - і пяцігадовай дачкой Арынай разводзяць курэй. Іншай гаспадаркі пакуль не трымаюць, бо часта падарожнічаюць.

Аўтамагазін на хутар не прыязджае. Новыя жыхары ў ім не маюць патрэбы. Садавіна і агародніна свая. Малако купляюць у суседняй вёсцы, трымаюць пчальнік, пякуць хлеб.

Атрымлівацца хлеб пачаў не адразу. Але сёння па жытні з кменам ці семкамі прыязджаюць нават з горада, каштавалі яго і на фестывалі ў Латвіі. Самапечаны хлеб - галоўны пачастунак падчас чаявання з суседзямі. Яны не так блізка – за кіламетр. Дзве сялібы таксама аблюбавалі былыя гараджане. І ў кожнага свае захапленні. У сям’і эканамістаў-аналітыкаў, напрыклад, трымаюць коз і асвойваюць вытворчасць масла і сыру.