Міністэрства аховы здароўя распрацоўвае праект антытытунёвага закона

10 мая 2013

Калі ён будзе прыняты, то ўжо ў 2015 ва ўсіх кафэ і рэстаранах знікнуць зоны для курэння, а цыгарэты - з прылаўкаў магазінаў. Падобныя законы ўжо ёсць у многіх краінах свету, у тым ліку ў суседняй Расіі. Усе за і супраць  - у рэпартажы нашых карэспандэнтаў.


Расказвае Ксенія Рабчынская.
У гэтым рэстаране альтэрнатывы для курцоў няма.  Катэгарычна супраць першапачаткова быў уладальнік установы. І хай, гаворыць Сяргей, некаторыя наведвальнікі ў кнізе заўваг час ад часу ўсё ж прапаноўваюць абзавесціся попельніцамі, у свой рэстаран тытунёвы дым ён упускаць па-ранейшаму не збіраецца.
Гэтае кафэ хутчэй выключэнне, чым правіла, у большасці ўстаноў сёння ўсё ж ёсць спецыяльныя зоны для курцоў. Праўда,  апошнім часам, як паказвае практыка, нават яны робяць выбар на карысць залы, дзе не кураць.
Ужо да 2015 года, з агаворкай, калі ўсё атрымаецца, зоны для курцоў  знікнуць з усіх кафэ і рэстаранаў Беларусі. Міністэрства аховы задроўя зараз распрацоўвае сенсацыйны антытытунёвы дакумент.
Вольга Бартман, начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: Наспела неабходнасць, нават нягледзячы на тое, што за апошнія 10 гадоў распаўсюджванне курэння ў нас знізілася практычна на 11%. Увогуле, усё роўна траціна насельніцтва курыць.
Новы законапраект, мяркуючы па назве, павінен абараніць здароўе беларусаў ад наступстваў спажывання тытуню і ўздзеяння  тытунёвага дыму. Калі больш проста і канкрэтна, то з уступленнем у сілу дакумента ад тытунёвага дыму стануць вольнымі ўсе закрытыя памяшканні: вакзалы, аэрапорты, гасцініцы, рэстараны, бары, кафэ і нават начныя клубы. Плюс да ўсяго - знікне цыгарэтны пах з пад'ездаў і з усіх без выключэння адміністрацыйных будынкаў.  Падыходзіць з цыгарэтай бліжэй чым на 10 метраў да ўваходу ў гэтыя будынкі -  таксама забароняць.
Вольга Бартман, начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: На дадзены момант дзеючым заканадаўствам у нас забаронена курэнне ў шэрагу грамадскіх месцаў у адпаведнасці з Дэкрэтам № 28, але ёсць агаворка -  за выключэннем месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтага. Мы пастараліся пашырыць у праекце пералік такіх арганізацый.
Дарэчы, падобныя законы ўжо даўно і паспяхова працуюць на Захадзе. Першымі, яшчэ ў 2005,  курыць  забаранілі ў кафэ, рэстаранах і гатэлях Ірландыі, Нарвегіі і Італіі. Праз два гады  ў спісе ўжо Англія, яшчэ праз год - Германія і Францыя. Найбольш сур'ёзна  да тытуню падышлі ў Фінляндыі: да 2040 года яна павінна стаць першай у свеце краінай, якая наогул не курыць. У Беларусі пакуль забараняць продаж цыгарэт не плануюць, але абяцаюць зрабіць тытунь вельмі дарагім задавальненнем: цэны, гавораць у Міністэрстве аховы здароўя, будуць толькі расці.
Калі законапраект стане законам, то нават прадаваць цыгарэты будуць па-новаму - толькі ў спецыяльных аддзелах або, па сутнасці, афіцыйна з-пад прылаўка: сам тавар будзе як раз пад прылаўкам, а на вітрыне  толькі скупы спіс -  назва маркі цыгарэт і цана.


Мой калега Дзмітрый Смірноў адправіўся на тытунёвую фабрыку, каб даведацца, як да будучых перамен ставяцца самі вытворцы цыгарэт.
Меркаванне вытворцаў цыгарэт - добра яшчэ раз усё ўзважыць у новым законе. Справа ў тым, што абмежаванне курэння вельмі моцна пераплялося з эканомікай. З-за высокіх цэн на цыгарэты на ўнутраным рынку і ў выпадку прыняцця антытытунёвага закона  беларускія вытворцы будуць вымушаныя павялічыць экспарт. А гэта, паводле іх слоў, істотна знізіць паступленне падаткаў у бюджэт ад продажаў усё тых жа цыгарэт.
Цыгарэтныя фабрыкі  - шостыя ў краіне адразу пасля нафтагазавых кампаній па суме падаткаў,  якія выплачваюцца ў бюджэт. У той жа час колькасць цыгарэт, што выпускаюцца на адной толькі тытунёвай фабрыцы ў Гродна,  прадказвае чыстым лёгкім беларусаў доўгую і няпростую барацьбу. Летась тут вырабілі амаль 27 мільярдаў штук цыгарэт. І толькі 1 мільярд 100 тысяч з іх пайшлі на экспарт за мяжу. Адзінай забаронай клапаціцца аб здароўі грамадзян цяжка - менавіта ініцыятыва і абмеркаванне закона самімі беларусамі стала б свайго роду лакмусавай паперкай. Пакуль жа ў закона дылема - як захаваць эканамічныя інтарэсы, не наносячы шкоду здароўю насельніцтва.