Міністэрства аховы здароўя Беларусі: Узровень шпіталізацыі хворых на COVID-19 не больш як 30 % ад асенняга піку

2 февраля 2022

Шпіталізацыя хворых на каранавірусную інфекцыю складае не больш як 30 працэнтаў ад пікавых значэнняў асенняй хвалі кавіду. Аб гэтым журналістам расказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас адкрыцця кабінета камп'ютарнай тамаграфіі ў Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Міністр канстатаваў, што дэльта-штам і сезонныя вірусы грыпу, якія пераважалі, выцесніў штам "амікрон". Урачам дазволена ўстанаўліваць дыягназ "інфекцыя COVID-19" пры наяўнасці клінічных даных без правядзення ПЦР-тэсціравання, а студэнты старэйшых курсаў медыцынскіх ВНУ, якія дапамагаюць урачам аказваць дапамогу хворым у перыяд уздыму захворванняў, атрымалі магчымасць адкрываць бальнічныя лісты.

Новы апарат КТ

Для дакладнай дыягностыкі, у тым ліку і пнеўманій, у Глыбоцкай раённай бальніцы ўстаноўлены апарат КТ. Новае абсталяванне коштам больш як 1 мільён 300 тысяч рублёў выдзелена Міністэрствам аховы здароўя. Абследаванні будуць праводзіцца кругласутачна. Падрыхтаваныя два рэнтген-лабаранты. Даныя даследаванняў па інтэрнэце перадаюцца спецыялістам у Віцебск. Расшыфроўка з дыягназам паступае назад на працягу гадзіны. КТ-кабінет будзе абслугоўваць пацыентаў адразу некалькіх раёнаў. Такім чынам, Глыбоцкая бальніца ператвараецца ў міжраённы медыцынскі цэнтр з высокатэхналагічным абсталяваннем.