Мінск упрыгожылі новыя святлодыёдныя фігуры

30 октября 2018

Ля Палаца спорту ўсталявалі лагатып II Еўрапейскіх гульняў у выглядзе зямнога шара. А ўсяго горад упрыгожваюць 12 светлавых канструкцый. Як ствараюцца ззяючыя гарадскія пейзажы - матэрыял Марыны Мураўёвай.

Хіба што лянівы не зрабіў сэлфі каля двух навагодніх шароў, што з'яўляюцца напярэдадні Новага года на Кастрычніцкай плошчы. Менавіта з гэтых аб'ёмных фігур вышынёй 8 метраў тры гады таму пачалося ўпрыгожванне сталіцы святлодыёднымі інсталяцыямі. Сёння свой светлавы сімвал маюць амаль усе знакавыя ўстановы горада: "Кніга" разгарнула свае старонкі каля Нацыянальнай бібліятэкі, "Арфа" ўпрыгожвае філармонію, велічны "Зубр" - студэнцкую вёску. II Еўрапейскія гульні, якія будзе сустракаць Мінск у наступным годзе, таксама атрымалі свой непаўторны лагатып у выглядзе нашай планеты.

Усечаны "Шар" дыяметрам 4 метры стаіць на подыуме. Менавіта ў ім схаваны рухавік кампазіцыі, які дапамагае шару круціцца вакол сваёй восі. Каркас фігуры зроблены з алюмініевых канструкцый.

Самая вялікая фігура сталіцы прапісалася каля Футбольнага манежа. Каб усталяваць усе секцыі "Мяча", вышыня якога 11 метраў, спатрэбілася некалькі дзён. Яшчэ адзін геній інжынернай думкі - МАЗ - размясціўся каля станцыі метро "Аўтазаводская". Па габарытах светлавы МАЗ буйнейшы за сапраўдны, але візуальна цалкам супадае з арыгіналам.

Перад тым як фігура з'явіцца на сваім месцы, інжынеры ствараюць яе дызайн-праект. Спачатку алоўкам на паперы, потым карцінка апрацоўваецца ў спецыяльнай праграме. Праекціроўшчыкі праводзяць свой аналіз, у літаральным сэнсе прымяраюць светлавую кампазіцыю да агульнага антуражу мясцовасці. І толькі потым вырабляюць каркас і ўсталёўваюць аб'ёмную фігуру. Такі творчы працэс мае і свае цяжкасці.

Акрамя светлавых фігур, сталіцу ўпрыгожвае і вячэрняя ілюмінацыя. Традыцыйна 15 снежня Мінск запаліць святочны навагодні строй. Новая ілюмінацыя з'явіцца на вуліцах Якуба Коласа, Кабушкіна, Прытыцкага, а таксама на Партызанскім праспекце і Пераможцаў, у раёне Нямігі. Тут усталююць зіхатлівыя аркі, вадаспады і крышталь. Па-новаму сёлета заззяе і галоўная ёлка краіны на Кастрычніцкай плошчы. Яна апранецца ў піксельныя ўбранні, якія будуць мяняцца пад музычнае суправаджэнне.

Сёлета Мінск упрыгожваюць больш за 12 светлавых фігур і амаль паўтары тысячы вулічных святлодыёдных убранняў. Да канца года светлавая арка з'явіцца на плошчы Свабоды, зазіхаціць бульвар на вуліцы Герцэна, а "Конь з санямі" падорыць святочны навагодні настрой на Кастрычніцкай плошчы.