Мільёны кветак з Мінскага цяплічнага камбіната хутка пераедуць на вуліцы і праспекты сталіцы

10 мая 2022

Фіялетавыя віёлы, жоўтыя аксаміткі і беласнежныя петуніі. Каля двух мільёнаў кветак да сезона падрыхтаваў Мінскі парнікова-цяплічны камбінат. Уся палітра вясны хутка будзе прадэманстравана ў вулічных букетах: каларытныя кампазіцыі пачалі высаджваць. Дарэчы, каб сталіца ззяла ўсімі фарбамі, сезон кветак у аранжарэі пачаўся яшчэ ў снежні. Выкананне ўсіх фларыстычных тэхналогій (пастаянны догляд, аптымальная тэмпература і вільготнасць) дазволіла атрымаць такія сакавітыя расліны. 

Кветкавую расаду ў цяпліцах вырошчваюць амаль 30 гадоў. Развіваюць тэхналагічную базу і сочаць за зялёнымі трэндамі. Акцэнт, напрыклад, зараз робяць на шматгадовыя расліны, іх аб'ёмы павялічваюць. Займаюцца на камбінаце таксама вырошчваннем руж і пакаёвых кветак.