Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначылі ў сталіцы

1 июня 2016

Пляцоўка ля сталічнага Палаца дзяцей і моладзі на час стала інтэрактыўнай. Пажарныя квадрацыклы і краны-пад'ёмнікі з экстрэмальнай тэхнікі ператварыліся ў атракцыёны. А парк імя Максіма Горкага сёння правёў акцыю "Фарбы дзяцінства". Свята ладзілася і ў Дзяржаўным цырку, там прэзентавалі дабрачынную праграму "Я працую чараўніком". Юлія Токар паспела на ўсе святочныя мерапрыемствы.

Дзіцячыя ўсмешкі і шчаслівыя бацькі - Міжнародны дзень абароны дзяцей шумна адзначылі ў сталічным парку імя Горкага. Тут пяты раз ладзіўся творчы праект "Фарбы дзяцінства". Размаляваць свята вырашылі самымі рознымі спосабамі. Каляровым пяском - падчас майстар-класаў па пескаграфіі, крэйдай - ствараючы адмысловыя малюнкі на асфальце, і прыгожымі спевамі.

Паспрабаваць сябе ў ролі рэгуліроўшчыкаў дарожнага руху або ратавальнікаў школьнікі маглі і на пляцоўцы ля Палаца дзяцей і моладзі. Свята "Дзяцінства - гэта я і ты" аб'яднала больш за тысячу хлопчыкаў і дзяўчынак.

Спецыяльна падчас свята пажарныя квадрацыклы і краны-пад'ёмнікі з экстрэмальнай тэхнікі ператварыліся ў атракцыёны.

А на гэтым пад'ёмніку можна сябе адчуць сапраўдным ратавальнікам. Менавіта на такой тэхніцы супрацоўнікі МНС эвакуіруюць пацярпелых з высокіх паверхаў. Дарэчы, зараз мы знаходзімся на вышыні 20 метраў. А гэта амаль сяміпавярховы будынак.

Знайшлося месца і для прафесійных мастакоў. Упершыню ладзілася прэзентацыя графічных палотнаў на экатэму. Яднанне чалавека з прыродай акрылавымі фарбамі разам з камандай паказаў Арсеній Назулька.

Кульмінацыяй усіх святочных мерапрыемстваў па традыцыі стала дабрачынная праграма ў Белдзяржцырку. Гэтым разам сталічная мэрыя запрасіла на відовішчнае дзейства дзяцей са шматдзетных сем'яў, выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Дзятву забаўлялі жанглёры, паветраныя гімнасты, акрабаты, клоўны. Падчас інтэрактыўных гульняў і шоу-ілюзіі кожны адчуў сябе сапраўдным чараўніком.

Конкурсы, канцэрты, майстар-класы і выступленні артыстаў - дзіцячае свята падарыла ўсім незабыўныя ўражанні. Запалу і бадзёрасці хопіць на ўвесь час летніх канікул!