Мемарыяльную таблічку ўсталявалі на магіле Героя Савецкага Саюза Міранкова Івана Сцяпанавіча

2 июля 2019

На Усходніх могілках Мінска сёння ўспаміналі  героя, які аб'ядноўвае не толькі сем'і, але і краіны. Дабрачынны фонд "Памяць Афгана"  сумесна з чэшскім клубам ваеннай гісторыі "Старавічкі"  ўсталявалі мемарыяльную таблічку на магіле Героя Савецкага Саюза  Міранкова Івана Сцяпанавіча. 16 красавіка 1945 камандзір танкавага ўзвода знішчыў 6 самаходных машын і ўстановак, 2 гарматы і да 50 салдат і афіцэраў праціўніка. Увекавечыць памяць беларускага героя прыехалі родны сын і ўнучка, генералы танкавых войскаў, кіраўнік адміністрацыі чэшскага сяла Старавічкі. 

Радэк Харашта, кіраўнік клуба ваеннай гісторыі "Старавічкі" (Чэхія): "Гэта было так: я наведаў ваш вялікі ваенны музей у цэнтры горада. Я шукаў яго імя, але там яго імя як героя не было. Я сказаў, што гэта немагчыма, каб тут людзі не ведалі пра той гераізм, які ён здзейсніў у Паўднёвай Маравіі. Таму мы дамовіліся з маладымі людзьмі з "Лініі Сталіна" і сям'ёй Івана Міранкова, што гэтую таблічку тут будзем мацаваць".

Адзначым, у чэшскім пасёлку Старавічкі  на пастаменце знаходзіцца той самы танк, на якім Іван Міранкоў  вызваляў сяло ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Штогод там праходзяць памятныя мерапрыемствы.