МНС папярэджвае: высокая небяспека гібелі людзей на вадзе

28 июня 2022

Анамальная спякота ўсё часцей стала прыводзіць да трагедый на вадзе. Паводле аператыўных звестак АСВОД, па краіне толькі за суткі патанулі 10 чалавек, у тым ліку адно дзіця. У Мінскай вобласці чацвярых чалавек не змаглі выратаваць. 

Так, следчыя разбіраюцца ў акалічнасцях НЗ ва Уздзенскім раёне, дзе ў рацэ мясцовыя жыхары выявілі целы жанчыны і 7-гадовага дзіцяці, хлопчык знаходзіўся на апецы. 

У сувязі з пачаткам купальнага сезона рэзка ўзрос прыток адпачывальнікаў ля вадаёмаў, і адпаведна, павялічылася колькасць няшчасных выпадкаў: 72 чалавекі патанулі - і толькі за чэрвень. Як адзначаюць ратавальнікі, асноўнымі прычынамі гібелі людзей на вадаёмах па-ранейшаму застаюцца: алкагольнае ап'яненне, дзеці без нагляду дарослых, купанне ў забароненых месцах і проста незахаванне мер асабістай бяспекі. У гэтыя гарачыя дні МНС, міліцыя і АСВОД практычна кругласутачна дзяжураць у месцах адпачынку, асабліва ля вады.