Мацярынства і дзяцінства, удзел у развіцці грамадства і ахова здароўя - Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам БСЖ

5 марта 2024

Жаночы рух Беларусі стаў той сілай у грамадстве, з якой нельга не лічыцца. І вынікі нядаўніх выбараў у парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў - яшчэ адно таму пацвярджэнне.

Прэзідэнт правёў сустрэчу з актывам Беларускага саюза жанчын

Сёння Прэзідэнт правёў сустрэчу з актывам Беларускага саюза жанчын. У яго радах больш за 170 тысяч прадстаўніц прыгожага полу. Роля аб'яднання расце. Яно прадстаўлена ва ўсіх абласных, гарадскіх і раённых цэнтрах краіны. А з нядаўняга часу, калі Усебеларускі народны сход надзялілі канстытуцыйным статусам, БСЖ атрымаў права дэлегаваць у яго склад сваіх прадстаўніц. Для Прэзідэнта гэта сустрэча - магчымасць павіншаваць і падзякаваць жанчынам за іх лепшыя якасці і актыўную пазіцыю, а таксама абмеркаваць, ці ўсё зроблена для росквіту нашай дзяржавы. Яе будучыня - гэта будучыня нашых дзяцей, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Таму такі важны жаночы погляд на развіццё грамадства.

Дзяржава ў поўным аб'ёме будзе падтрымліваць мацярынства і дзяцінства

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што галоўнае прызначэнне жанчыны - мацярынства. Выхоўваючы дзяцей патрыётамі, маці ўмацоўваюць краіну. Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. Як бы ні складваліся акалічнасці, падтрымка будзе аказвацца ў поўным аб'ёме. Гэта датычыцца і развіцця медыцыны ў цэлым, і фінансавага пляча ад дзяржавы для сем'яў з дзецьмі ў прыватнасці.

Прэзідэнт мае намер прадоўжыць праграму "Сямейны капітал"

Аляксандр Лукашэнка даручыў Беларускаму саюзу жанчын узяць пад свой кантроль шэраг найважнейшых пытанняў. Размова ішла пра абарону жаночага здароўя. Дзяржава шмат робіць для яго падтрымання, але жанчыны і самі павінны берагчыся. Яшчэ адно даручэнне - прапаганда традыцыйных сямейных каштоўнасцей і заслон на шляху прасоўвання папулярнай заходняй ідэалогіі чайлдфры. Удзельніцы сустрэчы змаглі задаць Прэзідэнту пытанні. Адно з іх датычылася перспектыў прадаўжэння праграмы "Сямейны капітал".

Прэзідэнт таксама распавёў, якой бачыць Беларусь у будучыні, як абараніць моладзь ад сучасных лічбавых пагроз, ад чужой заходняй ідэалогіі і пра многае іншае. Аляксандр Лукашэнка цёпла павіншаваў жанчын з надыходзячым святам, а таксама па добрай традыцыі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.