Майстар пахаў Улад Ракуноў рыхтуе парфумернае шоу

10 января 2022

Выстава-канцэрт з парфумы. Майстар пахаў Улад Ракуноў, які толькі прэзентаваў новую духмяную калекцыю, плануе суцэльнае парфумернае шоу. Праект па візуалізацыі і аўдыялізацыі ўжо ў распрацоўцы. У гэтым пераканалася карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.

Усе сакрэты не раскрывае, але дэманструе нам магію стварэння новага паху: уладар соцень бутэлечак з кампанентамі (натуральнымі і сінтэтычнымі) Улад Ракуноў на вачах стварае няўлоўны, але канкрэтны цуд - новую парфуму.

Памыліцца, як і хірург, ён не мае права, інакш кампаненты прападуць задарма, а гэта дорага. Асабліва, калі гаворка ідзе пра натуральныя кветкавыя алеі і раслінныя інгрэдыенты. Іх большасць парфумераў свету бяруць з Грасэ - знакамітай парфумернай сталіцы, што ў Францыі. Гэты горад яскрава апісаў Патрык Зюскінд у сваім рамане "Парфумер". Дык вось з гор кветкавых пялёсткаў і тон бутонаў бяруць свае асновы і сённяшнія майстры пахаў.

Акрамя натуральных, і сінтэтычных кампанентаў у Ракунова дастаткова: вось маэстра дае адчуць, як пахне... метал, свежазасушанае сена, мытая падлога. Між іншым, эксперымент са штучным водарам летась ён спрактыкаваў у антыкавідным праекце - правёз па краіне выставу, якая трэніравала чалавечыя насы. Сёння ж наш майстра, які ў парфумернай справе больш за 20 гадоў, дзеліцца новай задумкай.

Адзін з новых прарыўных пахаў Улад Ракуноў ужо нарыхтаваў да нашага візіту і зноў уразіў: акрамя таго, што прыемная вадкасць - яркі фіялет, у яе небывалы аб'ём.  

Перада мной цэлы літр парфумы ў яе першапачатковым выглядзе. Гэтая кампазіцыя прызначана для мужчыны. Водар яшчэ не аздоблены флаконам. У яго склад уваходзяць пахі драўніны, мускусу, уда і атласкага кедра.

0,14 грама шакаладу, верх паху - апельсін, сэрца - жасмін, крыху мускату і спірт да 20 грамаў: вось і атрымаўся 9-працэнтны раствор туалетнай вады. Навінка, створаная літаральна за хвіліны.