Маштабныя вучэнні МНС у Лідскім раёне

9 декабря 2016

У снежнай пастцы на трасе М11 у Лідскім раёне апынуліся 40 аўтамабіляў. Непагадзь прынесла ў Гродзенскую вобласць і шквалісты вецер, які паваліў дрэвы на лініі электраперадачы -   некалькі населеных пунктаў апынуліся без святла і цяпла. Паводле такой легенды прайшлі тактычныя вучэнні па падрыхтоўцы экстранных служб і ведамстваў, а таксама грамадзянскіх спецыялістаў для працы ва ўмовах цыклонаў і ўраганаў. З месца маштабных вучэнняў  Дзмітрый Смірноў.

Паводле легенды вучэнняў, на гэты раён абрынуліся літаральна 33 няшчасці. На вуліцы тэмпература мінус 15 па Цэльсіі. На дарозе ў заторы захраснулі 40 аўтамабіляў з пасажырамі. Побач з гэтым месцам адбылося ДТЗ, пацярпелых адправілі на верталёце ў клініку ў Мінск. І ў дадатак упалыя дрэвы пашкодзілі лінію электраперадач. Некалькі дамоў стаяць без святла і цяпла.

Распрацоўваючы легенду вучэнняў, спецыялісты ўлічылі практычна   ўсе магчымыя надзвычайныя сітуацыі - ад снежных затораў да прарыву цеплатрасы. У ліквідацыі наступстваў разгулу стыхіі сёння задзейнічаныя амаль 2 сотні чалавек - медыкі, ратавальнікі, міліцыя і энергетыкі. На месцы здарэння разгарнулі пункт абагравання. Па сутнасці, гэта адпрацоўка алгарытму дзеянняў пры цыклоне, ідэнтычным "Хаўеру".

За дзеяннямі ратавальнікаў праз камеру квадракоптара анлайн сачылі ў 6 рэгіянальных сітуацыйных штабах Беларусі. Такое ўзаемадзеянне ў рэальным часе, на думку экспертаў, дазваляе быць экстранным службам больш эфектыўнымі і мабільнымі.

Падчас вучэнняў была прааналізаваная ўся сістэма ўзаемадзеяння экстранных і грамадзянскіх служб. Па выніках спецыялісты профільных міністэрстваў распрацуюць новыя механізмы супрацоўніцтва сваіх служб на выпадак надзвычайных сітуацый.