Маштабныя ўрачыстасці святкавання Дня Незалежнасці Беларусі пачнуцца сёння

1 июля 2014

У першы дзень ліпеня Беларусь пачынае маштабнае святкаванне Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння ў Палацы Рэспублікі пройдзе ўрачысты сход і святочны канцэрт. Канцэрт стане адным з самых маштабных за апошнія гады. Ён будзе мець новы фармат - тэматычныя сцэны прадставяць гледачам і Беларусь гістарычную, і Беларусь сучасную. У канцэрце прымуць удзел беларускія і расійскія выканаўцы. Ужо заўтра адбудзецца ўскладанне вянкоў на плошчы Перамогі. І, вядома, асноўныя святочныя мерапрыемствы разгорнуцца ў краіне 3 ліпеня. Парад, шэсце, выкананне гімна, салют - галоўныя героі свята - ветэраны - сёлета ўсё ўбачаць на свае вочы - непасрэдна на месцы падзей.


Так, парад войскаў і тэатралізаванае шэсце Беларусь: ад вызвалення да незалежнасці пачнуцца ў Мінску 3 ліпеня ў 21:00. Традыцыйная акцыя Спяём гімн разам стартуе адразу пасля парада. А залпы святочнага салюту - па 30 з шасці агнявых пазіцый - расфарбуюць неба над сталіцай у 22:25.