Маргарыта Бутар выйграла міжнародны конкурс малюнка і ў якасці галоўнага прыза атрымала веласіпед

26 сентября 2020
Бандэроллю з Капенгагена. Юная мастачка з Оршы Маргарыта Бутар выйграла міжнародны конкурс малюнка і ў якасці галоўнага прыза атрымала веласіпед. Падарунак даставілі з Даніі поштай. Конкурс быў прысвечаны творчасці вядомага дацкага пісьменніка-казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсана. Удзельнікі павінны былі стварыць ілюстрацыі да твораў аўтара. Якая казка натхніла мастачку на перамогу, даведалася Вольга Маслоўская. 

У штодзённым напружаным раскладзе Маргарыты Бутар абавязкова ёсць акенца для веласіпеднай прагулкі. Нядаўна ў яе з’явіўся новы веласіпед у стыльным дызайне. Прычым, яго не купілі бацькі – яго выйграла сама Маргарыта ў міжнародным конкурсе малюнкаў! 

Заяўку на ўдзел у конкурсе мастачка з настаўніцай падалі ў апошні момант. Пачалася праца над творам. Самым складаным было прыдумаць сюжэт ілюстрацыі - на гэта спатрэбілася некалькі дзён. Пасля у ход пайшла гуаш. Дарэчы, Андэрсан - любімы казачнік Маргарыты, таму праца прынесла сапраўднае задавальненне. А навіна пра перамогу ўвогуле акрыліла. 

Калі дыплом канкурсантка атрымала па пошце яшчэ ў ліпені, то пасылку з галоўным прызам - веласіпедам - Маргарыта чакала ўсё лета. Падарунак даставілі ў Оршу літаральна на днях. Пасылка пераадолела 2 тысячы кіламетраў. 

Дарэчы, конкурснае жыццё ў сценах 1-й Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў вельмі насычанае. 

Адна са старэйшых падобных устаноў у вобласці - у 2022-м школа адзначыць 85-гадовы юбілей - падрыхтавала шмат таленавітых мастакоў і музыкантаў. На двух аддзяленнях тут навучаюцца амаль 900 школьнікаў. Дарэчы, больш за палову настаўнікаў самі з’яўляюцца выпускнікамі 1-й Аршанскай школы мастацтваў. У іх ліку і дырэктар. 

Творчыя калектывы школы з’яўляюцца ўпрыгажэннем гарадскіх, абласных свят і візітоўкай роднага горада.