Малыя гарады і рэгіёны галасуюць больш актыўна

23 марта 2014
Зрэшты, гэта расклад класічны. Людзям сапраўды важна, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы і дапамагаць вырашаць надзённыя праблемы. Адгэтуль і павышаная ўвага да гэтай палітычнай падзеі.

Пра атмасферу гэтага дня з Мінскай вобласці - Аляксандра Драгун.

Аграгарадок Тамковічы лічыцца адным з перспектыўных у Мінскай вобласці. І не толькі таму, што на тэрыторыі знаходзіцца сучасны малочнатаварны комплекс. Жывуць і працуюць тут у асноўным маладыя спецыялісты.

Некалькі разоў на тыдзень Ігар прыходзіць сюды на трэніроўкі па валейболе. Гуляе ў зборнай за сваё прадпрыемства. Сёння ж сямейнай камандай ідзе на выбары. Маленькая Паліна хоць пакуль і не можа галасаваць, але з задавальненнем дапамагае сваім бацькам. Дарэчы, дзятвы на выбарчым участку шмат. Насельніцтва Тамковіч - чатырыста пяцьдзясят чалавек.

Невыпадкова выбарчы ўчастак №42 знаходзіцца на Цэнтральнай вуліцы. Сюды, у Тамковічы, з'язджаюцца жыхары з 10 населеных пунктаў Дзяржынскага раёна. Датэрмінова тут прагаласавалі 30%. Некаторыя ж прыйшлі на выбары менавіта сёння, каб акунуцца ў святочную атмасферу.

Атмасфера свята - на ўсіх участках. Губернатар вобласці сёння зрабіў свой выбар на ўчастку ў сталіцы. Туды Сямён Шапіра прыйшоў разам з дачкой, якая, дарэчы, упершыню прымае ўдзел у выбарах.

Сямён Шапіра, старшыня Мінскага аблвыканкама: Найвялікшая роля мясцовых Саветаў. Сёння ў краіне ідзе стаўка на павелічэнне долі мясцовага самакіравання, таму істотна зменіцца роля сельскіх, пасялковых саветаў. І, вядома, абласныя раённыя Саветы. Яны заўсёды ігралі і іграюць істотную ролю ў жыцці нашага грамадства.

І якім яно будзе, залежыць і ад саміх людзей, і ад дэпутатаў. Настрой падтрымліваюць творчыя калектывы. Адкрытая экспазіцыя народных майстроў і кніжная выстава.

Пяць гадоў таму Тамковічам прысвоены статус аграгарадка. З развіццём інфраструктуры і адкрыццём новых аб'ектаў жыццё стала ярчэйшым і больш насычаным. Ад новых дэпутатаў чакаюць падтрымкі не меней важных праектаў, у тым ліку і па будаўніцтве жылля.