Лужыца. Невядомая Хатынь

26 марта 2017

На тыдні мы ўспаміналі Хатынь.

Сучасная Беларусь беражліва захоўвае памяць аб мінулых падзеях як сімвал таго, што ніколі не павінна паўтарыцца. На тыдні мы ўспаміналі Хатынь. 74 гады таму гэтая невялікая вёсачка была знішчана карнікамі разам з жыхарамі.

Але было яшчэ нямала падобных трагедый, і нашай здымачнай групе ў журналісцкім расследаванні ўдалося з дапамогай некалькіх сведак адкрыць назву дагэтуль невядомай ахвяры татальнага тэрору.

Падрабязна пра ўсё раскажа Наталля Бардзілоўская.

Пухавіцкі раён. Умоўны квадрат паміж вёскамі Турын, Клінок, Чырвоны Бераг і Слабада. Сучасная Міншчына за чатыры кіламетры ад аўтастрады, у акружэнні лясоў велізарнае поле - межаў не відаць. І сёння мясцовая гаспадарка сее на ім кармавыя. Урадлівая глеба. Між іншым, пасыпаная... людскім попелам. Пра гэта нават лепш за мясцовых жыхароў ведае Ларыса Карасіна, якая адкрывае новыя трагічныя факты і мясціны. Тут яна ведае кожны пагорак. Гаворыць, на гэтым месцы 75 гадоў таму стаялі хаты, жылі людзі.

Існуе паданне, што з-за ландшафту гэты населены пункт назвалі Лужыцамі. Да вайны была звычайная беларуская вёска двароў на дзесяць, але шматлюдная – дзяцей тады нараджалі многа. Тут да вайны жылі амаль паўсотні чалавек. На пачатку саракавых лужыцкія мужыкі аб’ядналіся з землякамі, якія накіроўваліся ў лясы і з тылу супрацьстаялі ворагу. Так Лужыцы і сталі партызанскімі. Перавага ў тым, што знаходзіліся на водшыбе.

Сакавік 1942-га. Пачатак партызанскага руху. Поспехі савецкіх войскаў пад Масквой і зрыў фашысцкага бліцкрыгу ўдыхае ў народ яшчэ большы парыў да барацьбы. На акупіраваных тэрыторыях Беларусі напрыканцы 1941-га адзін за адным узнікаюць групы народных мсціўцаў. На пачатак 1942-га ў нас дзейнічалі амаль 230 партызанскіх атрадаў, задачамі якіх была падрыўная дзейнасць, дыверсійныя аперацыі.

Мяжа чэрвенскага і пухавіцкага лясоў. Сакавік 1942 года. Мясцовыя партызанскія атрады Іваненкі і Нічыпарэнкі літаральна атакуюць немцаў, зрываючы іх планы. Недалёка ж чыгунка, і беларусы адзін за адным пускаюць пад адхон фашысцкія эшалоны. Раззлаваны вораг спецыяльна здымае з фронту дзеючыя войскі, а таксама падключае знакаміты карніцкі атрад Дырлевангера і наносіць гэты моцны кулак на Пухавіччыну, каб блакіраваць і знішчыць партызан.

Асноўная мэта захопнікаў - Клінок, вёска за пяць кіламетраў ад Лужыц. Паселішча ў глыбіні лясоў: гавораць, там і два гады ад пачатку вайны дзейнічала савецкая ўлада і лунаў чырвоны сцяг. Вораг з даносаў выявіў гэты цэнтр супраціўлення, з дапамогай здрадніка-правадніка ўзяў яго ў кальцо. Кліноцкі бой увекавечаны ў прозе. Партызаны перамаглі праціўніка.

Партызаны адступілі. У ворага страты. Адсюль і помста мірнаму насельніцтву. Хатынь - сімвал спаленых вёсак. Але ж першымі ў той ваеннай гісторыі гарэлі Лужыцы. За рашэннем іх знішчыць стаіць вядомы аберфюрэр СС Оскар Дырлевангер і яго брыгада. Тая самая, што потым паліла Хатынь.

Яшчэ жывыя сведкі - лужыцкія дзеці, сёння сталыя людзі. Яны не могуць без слез узгадваць, як іх бацькоў па-зверску катавалі і знішчалі.

Перад тым як спаліць гэты населены пункт, карнікі правялі жудасную аперацыю. Мужчын забілі, а жанчын і дзяцей літаральна кінулі ў сакавіцкі глыбокі снег хто ў чым быў - людзі не мелі магчымасці апрануцца, схаваліся ў лесе і адтуль глядзелі, як фашысты ператвараюць іх жыллё ў велізарны факел.

У першапачатковых планах карнікаў было спаліць усіх. Але на тое яны і каты. Жанчын і дзяцей наўмысна кінулі жывымі, каб тыя паміралі ад холаду і голаду. Але ж людзі з навакольных вёсак не пакінулі сваіх. Сутак не прайшло, як сталі прыязджаць і забіраць іх да сябе.

Шматгадовы пошук Ларысы Карасінай адкрыў лёс цэлага паселішча, яго жыхароў і... імя таго самага карніка, які загадваў забіваць лужынцаў і паліць іх хаты.

Пасля вайны ў прылеску вырас невялічкі самаробны абеліск у памяць аб лужынцах. Яго даглядаюць. Прыводзяць сюды школьнікаў 9 Мая, 22 чэрвеня і ў сакавіцкія дні - асабліва жалобныя для гэтай зямлі.