Удасканаленне заканадаўства аб грамадзянстве і правядзенне амністыі разгледзелі на нарадзе ў Прэзідэнта

6 сентября 2022

Удасканаленне заканадаўства аб грамадзянстве і магчымая амністыя напярэдадні Дня народнага адзінства. Гэтыя тэмы на парадку дня сённяшняй нарады, якая ў гэтыя хвіліны праходзіць  у Палацы Незалежнасці. 

За апошнія 5 гадоў беларускае грамадзянства атрымалі амаль 14 тысяч чалавек. Прычым  кожны выпадак разглядаецца асобна і пільна. Часцей за ўсё па гэтым пытанні звяртаюцца выхадцы з постсавецкай прасторы, але ёсць і ўраджэнцы краін Азіі, Еўропы і Амерыкі.

У мінулым жніўні Прэзідэнт даручыў паскорыць наданне нашага грамадзянства  ўкраінцам. За год новы статус атрымалі каля 5 тысяч чалавек. Беларусь адкрытая для добрапрыстойных і працавітых, тых, хто гатовы ўносіць уклад у яе развіццё. Але як быць з тымі, хто сваёй краіне здрадзіў? Падрыхтаваны законапраект расставіць усе кропкі.

Яшчэ адно пытанне нарады - амністыя. Прэзідэнт падкрэсліў, яна дапушчальна толькі ў дачыненні да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. Бандыты і экстрэмісты не з гэтай серыі. Але сярод асуджаных ёсць тыя, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, хто спатыкнуўся, хто ўчыніў злачынствы па неасцярожнасці, а таксама малаважныя злачынствы, уключаючы дзеянні пратэснай накіраванасці. Калі яны раскаяліся і загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць паблажку. Разам з тым, асобна адзначыў Прэзідэнт, МУС будзе несці персанальную адказнасць за тых, каго амністуюць.