Лепшых медыкаў Мінскай вобласці ўшаноўвалі ў Нясвіжскім замку

16 июня 2021
Яны заўсёды побач у цяжкую хвіліну, а іх веды, вопыт і чулыя адносіны да людзей дапамагаюць палепшыць здароўе  мільёнаў беларусаў. Напярэдадні Дня медыцынскага работніка ўзнагароды атрымліваюць лепшыя ўрачы. Сёння на ўрачыстасць у Нясвіжскі замак запрошаны  82 спецыялісты з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Некаторыя цяпер маюць ганаровае званне "Лепшы ўрач Беларусі" ў сваёй намінацыі. У іншых упершыню з'явіўся нагрудны знак "За працу ў імя жыцця". Ганаровыя граматы ад Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства аховы здароўя, Савета Рэспублікі атрымалі медсёстры, тэрапеўты, хірургі, інфекцыяністы, галоўныя ўрачы клінік і многія іншыя медыкі цэнтральнага рэгіёна.

Дзякуючы іх самаааданай працы сістэма аховы здароўя Мінскай вобласці шмат у чым задае тон у нашай краіне.  За апошні час закуплена больш за 160 адзінак медыцынскага абсталявання, працуюць 12 мабільных ФАПаў.  А ў найбліжэйшыя гады на карце рэгіёна з'явяцца і новыя аб'екты:  дзіцячая паліклініка ў Жодзіне і паліклініка ў Нясвіжы.

Дзень медыцынскага работніка святкуецца ў гэтую нядзелю. Усяго ж у Мінскай вобласці ў сферы аховы здароўя працуюць больш за 40 тысяч чалавек, з іх 6 тысяч – урачы. А для сённяшніх лаўрэатаў дадатковым падарункам стала экскурсія па залах Нясвіжскага замка.