Лошыцкая сядзіба прымае экспазіцыю жывапісных і графічных малюнкаў юных мастакоў

8 ноября 2023

Інтэр’еры Лошыцкай сядзібы на малюнках юных мастакоў.  Гістарычны маёнтак прымае экспазіцыю жывапісных і графічных работ па выніках пленэру. У праекце прынялі ўдзел навучэнцы мінскай гімназіі імя Масленікава. З мастацкай прэм'еры -  Ларыса Гулякевіч. 

Камін у манахромнай трактоўцы, белы раяль з розных ракурсаў, пакоі і кабінеты гаспадароў Любанскіх. Юныя мастакі самі выбіралі інтэр’еры і прадметы музейных экспазіцый падчас творчых заняткаў у Лошыцкай сядзібе. Два тыдні спатрэбілася на ўвасабленне экспанатаў на палатне.

Рарытэтныя рэчы, сведкі старадаўніх часоў і сябры былых уладальнікаў Лошыцкай сядзібы. Звычайна пленэры робяцца на вольным паветры (open air). Юныя мастакі  - навучэнцы гімназіі Масленікава -  свой пленэр вырашылі зрабіць у маёнтку і перадаць своеасаблівую атмасферу і колер у сваіх малюнках.

8-класніца Валерыя Кудзялевіч на карціну перанесла сталовую першага паверха сядзібы. Прадэманстравала ўласнае бачанне светлавой атмасферы фарбаў, якія напаўняюць пакой, дзе калісьці прымалі гасцей, давалі званыя абеды і вячэры.

Соф’я Хаткевіч  -  творчы чэмпіён у нейкім сэнсе. Любы экспанат ці партрэт можа намаляваць з натуры за 9 хвілін. Больш за ўсё яе ўразілі побытавыя прадметы сядзібы.

А вось работа 11-класніцы Ксеніі Аўдзяевіч нават трапіла на афішу праекта. Пасля завяршэння гімназіі выпускніца плануе паступаць у БДУ на праграміста, каб звязаць сваё жыццё з прыкладной матэматыкай. Упэўнена, што любімае хобі - маляванне  -  дапаможа ёй у  дзіджытал-распрацоўках. 

Камісія з мастакоў-педагогаў і архітэктараў па выніках пленэру выбрала для выставы 28 лепшых работ, дзе старшакласнікі гімназіі па-свойму адлюстравалі спецыфічную антыкварную атмасферу Лошыцкай сядзібы. Юныя мастакі атрымалі сертыфікаты і падарункі ад музея.

Для вядомага архітэктара Галіны Левінай праект рэканструкцыі сядзібы ў Лошыцы амаль 40 гадоў таму быў дыпломнай працай. Тады толькі збіралі, аналізавалі і апрацоўвалі навуковую інфармацыю для археолагаў і рэстаўратараў. На жаль, фотадакументаў амаль не захавалася. Не хапала нават вось такіх замалёвак, па якіх можна было б аднавіць выгляд гістарычнага помніка і інтэр’ераў маёнтка. 

Дакрануцца да гісторыі. Музейна-асветніцкі праект плануе пашырацца і выйсці за межы гарадскога. Наперадзе юных мастакоў чакаюць пленэры закрытага і адкрытага фарматаў у іншых рэгіёнах нашай краіны.