Лясгасы перайшлі на інтэнсіўны рэжым патрулявання лясоў

16 августа 2017

Пажар на тарфяніку ў Крупскім раёне прымусіў лясгасы перайсці на інтэнсіўны рэжым патрулявання лясоў. Падчас здарэння полымя ахапіла тэрыторыю амаль у шэсць гектараў. Супакоіць стыхію атрымалася толькі праз некалькі гадзін.

Як у Мінскай вобласці плануюць ахоўваць лясы ад агню? Ян Пашкевіч даведаўся пра супрацьпажарную тактыку.

Лапаты, сякеры і вадзяныя гарматы - такі супрацьпажарны шчыт у Вілейскім лясніцтве гатовыя разгарнуць у любы момант. Адрэзаць "гарачы пункт" ад ляснога масіву неабходна літаральна за некалькі хвілін.

За спакоем ў лясах раёна назіраюць адразу з 7 аглядных веж. На вышыні 35 метраў на кожнай з іх усталяваны вастравокі вартавы - спецыяльныя камеры панарамнага агляду.

А вось чорны дым адразу стане сігналам для дзеяння. У пажарнай брыгадзе лясгаса ёсць уласная аўтацыстэрна. Калі ж праехаць да пажару на машыне немагчыма - спатрэбіцца мабільны варыянт супрацьпажарнай устаноўкі.

Зараз у лясах вобласці дастаткова вільготна, а таму пажар ні дрэвам, ні жывёлам не пагражае. Калі ж сонца падсушыць глебу, то градус небяспекі хутка ўзрасце.

Асабліва небяспечная зона лясоў - побач з азёрамі і рэкамі. Тут аматары адпачынку на прыродзе нярэдка пакідаюць незатушаным свой самаробны касцёр.

З пачатку ж года ў лясах вобласці зафіксавалі амаль два дзясяткі вогненных успышак. У большасці выпадкаў крыніцай агню сталі менавіта госці лясоў.

Моцны лясны пажар здарыўся і на мінулым уікэндзе - у Крупскім раёне полымя ахапіла амаль 6 гектараў зямлі. Супрацоўнікі лясгаса і ратавальнікі змагаліся некалькі гадзін. Іскру ж моцнаму пажару дала непатушаная цыгарэта.