Лёгпрам пераходзіць на вытворчасць медыцынскіх сродкаў аховы

14 апреля 2020
Айчынныя прадпрыемствы лёгпрама, і дзяржаўныя і прыватныя, пераарыентаваліся на пашыў масак, халатаў і ахоўных камбінезонаў для медыкаў.

Некаторыя ўжо зараз выйшлі на аб'ёмы ад 50 тысяч і больш адзінак за дзень. Па даручэнні Прэзідэнта, кіраўнік Адміністрацыі асабіста маніторыць працу вытворчасцяў, ацэньваючы асартымент і аб'ёмы  прадукцыі і наяўнасць сыравіны. Сёння Ігар Сергеенка пабываў на сталічным прадпрыемстве "Элема" - тут з пачатку красавіка цалкам пераабсталявалі 4 цэхі пад пашыў масак са спанбелу і баваўнянага валакна. Уся сыравіна беларуская. На складах пастаянна  падтрымліваецца тыднёвы запас. 

Ігар Сергеенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы Адміністрацыяй Прэзідэнта арганізаваны маніторынг сітуацыі ў лёгкай прамысловасці, арганізуюцца мерапрыемствы па кантролі за тым, як ажыццяўляецца вытворчасць масак медыцынскіх для нашых медыцынскіх устаноў фармацыі, а таксама камбінезонаў, касцюмаў, якія так сёння неабходныя. Што я ўбачыў на гэтым прадпрыемстве. Першае, што калектыў мабілізаваны на гэтую работу. Не толькі швачкі працуюць, але і інжынерна-тэхнічны састаў. Людзі працуюць па 10 гадзін. Кіраўніцтвам прадпрыемства  прымаюцца ўсе намаганні, каб стварыць умовы максімальна хутка, якасна забяспечыць выпуск прадукцыі і забяспечыць як аптэкі, так і ўстановы аховы здароўя: бальніцы, стацыянары, паліклінікі".

За дзень тут выпускаюць больш за 50 тысяч масак, якія ў асноўным адпраўляюць у аптэкі, і тысячу ахоўных камбінезонаў і халатаў для бальніц Мінска. У найбліжэйшыя дні аб'ёмы гатовы павялічыць, каб задаволіць усе заяўкі. Зараз іх не менш за 30. 

З вытворчасцю сродкаў індывідуальнай абароны на прадпрыемствах Мінска па даручэнні Кіраўніка дзяржавы сёння таксама азнаёмілася старшыня Савета Рэспублікі. Наталля Качанава наведала швейнае прадпрыемства "Група кампаній Сцяцкевіч",  якое спецыялізуецца на выпуску форменнага і спецыяльнага адзення. А таксама "Уніксфарм", дзе павялічаныя аб'ёмы вытворчасці медыцынскіх аднаразовых масак. Забяспечыць патрэбнасці арганізацый і насельніцтва ў сродках індывідуальнай аховы  ў поўным аб'ёме - галоўнае, падкрэсліла спікер.