Клецкія народныя промыслы: сакрэты глінянай цацкі

25 октября 2021

На ўсіх кірмашах і фестывалях - ад "Славянскага базару ў Віцебску", форуму песні ў Маладзечне да Купалля ў Александрыі і абласных "Дажынак" - народныя промыслы Клецкага раёна прадстаўляе майстар лепкі па гліне Святлана Клубовіч. Рамеснік-аматар, але авалодала сакрэтамі стварэння старажытнай цацкі, якая ў беларускай культуры здаўна з'яўлялася не толькі прадметам дзіцячых забаў і сувенірам, але і абярэгам, амулетам "на шчасце". Промыслам майстар займаецца некалькі дзясяткаў гадоў, на яе рахунку сотні фігурак. Самыя ўнікальныя з іх - клецкія свістулькі, спосаб вырабу якіх умеліца не раскрывае. 

Жыхарка вёскі Туча Клецкага раёна Святлана Клубовіч вядзе ў мясцовым Доме культуры клуб лепкі "Сударушка" і гурток рукадзелля "Умелыя ручкі". Яе выхаванцы - дзеці розных узростаў. Многія з іх - удзельнікі і пераможцы раённых і абласных творчых конкурсаў. Некаторыя ў будучыні мараць прафесійна займацца народнымі рамёствамі.