Кватэры ў сталіцы працягваюць падаць у цане

12 марта 2016

Кватэры ў сталіцы працягваюць падаць у цане. Пры гэтым прапанова зараз істотна перавышае попыт. Калі да Новага года цэны на жыллё яшчэ крыху трымаліся, то сёння забудоўшчыкі зніжаюць кошт, даюць растэрміноўкі і прывабліваюць разнастайнымі бонусамі. Што чакае сталічныя квадраты"? У жыллёвай тэме разбіралася Вераніка Бута.

Цэны на кватэры ў Мінску вярнуліся да ўзроўню 10-гадовай даўнасці. Сёння адзін квадратны метр каштуе менш за тысячу долараў. Такім чынам, аднапакаёвую кватэру ў сталіцы можна купіць за 35-40 тысяч, на аўкцыёне яшчэ танней.

За дзесяцігоддзе на рынку нерухомасці Беларусі былі два скачкі цэн: у 2008 і 2014: цана здзелкі за квадрат даходзіла да 2 тысяч долараў у эквіваленце. За гэту суму ўмудраліся прадаваць нават хрушчоўкі. Паслядоўнае зніжэнне пачалося паўтара года таму. Паводле звестак рыэлтарскіх агенцтваў, яшчэ ў канцы 2015-га сярэдні кошт квадратнага метра жылля ў новабудоўлі быў каля 1350 долараў: аднапакаёвыя ішлі даражэй, трохпакаёвыя - танней. Сёння страцілі яшчэ 300 долараў з квадрата.

Юрый Жаркоў, дырэктар рыэлтарскай кампаніі: "Мы ведаем аб аўкцыёнах, дзе гатовыя кватэры ў Сухараве прапануюцца яшчэ танней, танней чым 800 долараў за квадратны метр на стартавай цане".

Пакупнікі сёння не саромеюцца скідваць цэны - удаецца сэканоміць яшчэ каля 5 тысяч. У прыярытэце жыллё таннае: хрушчоўкі, сталінкі і дамы пабудовы 70-х. Колькасць прапаноў пастаянна расце. З-за канкурэнцыі зніжаецца цана. Таксама вялікую ўвагу звяртаюць на добрую інфраструктуру.

Юрый Жаркоў, дырэктар рыэлтарскай кампаніі: "Калі сёння параўноўваць прапановы некаторых кампаній, якія сёння не прапануюць комплексную забудову, г.з. вы купляеце кватэру і жывяце ў будоўлі яшчэ 5-10 гадоў, то тут ужо сфарміраваны квартал, пабудаваны, тут ідзе ўшчыльненне ў рамках праекта".

Адпаведна і цана вышэйшая. Напрыклад, зараз ідзе папярэдняе браніраванне кватэр у двух новых дамах у Каменнай Горцы за 950 долараў за квадрат. Усё часцей мінчане імкнуцца выехаць за межы горада. Эканом-кватэры за кальцавой - 800 у.е., камфорт-класа - каля тысячы.

Святлана Кудзелка, намеснік дырэктара агенцтва па нерухомасці: "Вельмі цікавы найбліжэйшы прыгарад Мінска - Бараўляны, забудова за кальцавой, ва Уручча Лясны гарадок, Ліпень, Сенніца, Прылукі карыстаюцца попытам. Туды з задавальненнем пераязджаюць і мінчане".

Калі пачатак года характарызаваўся адкладзеным попытам (беларусы чакалі некалькі месяцаў і затым прымалі рашэнне аб куплі нерухомасці), сёння ўсё часцей дзейнічае прынцып - прыйшоў, убачыў і купіў.

Святлана Кудзелка, намеснік дырэктара агенцтва па нерухомасці: "Сёння пакупнікі сутыкаюцца з тым, што тыя кватэры, якія яны глядзелі раней, ужо прададзеныя".

Сітуацыяй на рынку нерухомасці спрабуюць скарыстацца іншагароднія беларусы: жыллё ў сталіцы практычна за тыя ж грошы, што ў абласных цэнтрах. Далейшую дынаміку цэн на доўгатэрміновую перспектыву эксперты прадказваць не сталі. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў. Пакуль плануюць, што квадрат прадоўжыць зніжэнне ў сярэднім на паўтара-два працэнты за месяц.