Канцэрты, гульні, зімовыя атракцыёны - Мінск ператварыўся ў адну вялікую святочную пляцоўку

28 декабря 2021

Зімовая феерыя ў сталіцы! Перад Новым годам мінчанам прапануюць дзясяткі канцэртаў, ранішнікаў і спектакляў. Усяго падрыхтавана каля 2 соцень мерапрыемстваў. Самыя маштабныя стартавалі у цэнтры горада - на пляцоўках каля ратушы, Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы. Тут жа працуюць і калядныя кірмашы, дзе можна набыць сувеніры і пачастункі на любы густ. Святочную атмасферу адчула і Таццяна Бажко.

Канцэрты, гульні, зімовыя атракцыёны. Навагодні Мінск ператварыўся ў адну вялікую святочную пляцоўку. Знайсці забаву на свой густ можна на дзясятках лакацый. Напрыклад, гістарычныя квэсты ад сталічных музеяў стартуюць штодзённа апоўдні ў Верхнім горадзе, а свята з цудоўным смакам і водарам прапануюць калядныя кірмашы. Самыя буйныя працуюць на Кастрычніцкай плошчы і побач з Палацам спорту. У меню, акрамя традыцыйных страў беларускай кухні, імбірныя пернікі, экзатычныя смажаныя каштаны і вустрыцы. "Навагодні касмалёт"! Ён прызямліўся ў беларускай сталіцы побач з гарадской ратушай. Светлавыя дэкарацыі, 12-метровая ракета, лазернае шоу. Чараўнікі з сузор'я Тыгра і касмічная Снягурка імкнуцца здзейсніць усе жаданні сваіх маленькіх гасцей. Загадала сваё і сямігадовая Аліна.

Танцы і інтэрактывы спадабаліся і дзевяцігадовай Аляксандры Соладавай. Разам з мамай Таццянай дзяўчынка трапіла на свята выпадкова, але цяпер абедзве ўпэўненыя: прыйдуць на сустрэчу з касмічным Дзедам Марозам яшчэ раз абавязкова!

Між іншым, яскравае відовішча захапіла і дарослых. Ала і Павел Дзянішчык паўдзельчалі ў флэшмобах з задавальненнем.

Чароўны касмалёт будзе адпраўляцца ў падарожжа двойчы на дзень - у 17 і 20 гадзін. Атрымліваць цудоўны настрой і вывучаць Сусвет змогуць усе ахвотнікі да 2 студзеня! 

А ў навагоднюю ноч падчас вялікай канцэртнай праграмы на пляцоўцы побач з Палацам спорту адкрыюць "Куфэрак жаданняў". У праграме маштабнага шоу з удзелам зорак беларускай эстрады - батл навагодніх чараўнікоў, інтэрактывы, конкурсы і жывая музыка. Першы дзень новага года пачнецца маладзёжным кавер-шоу.