Консульская служба Беларусі высвятляе, ці ёсць нашы грамадзяне сярод пацярпелых ад выбухаў у Бостане

16 апреля 2013

Міністэрства замежных спраў ужо звязалася з амерыканскімі ўладамі і ўдакладняе ўсе акалічнасці справы. Вядома, што сярод удзельнікаў  марафону  былі дзве беларускі - 32-гадовая Жанна  Івашчанка і 33-гадовая  Алена Макоўская. Вядома, што яны не з'яўляюцца прадстаўнікамі нашай зборнай па лёгкай атлетыцы. Верагодна, дзяўчыны-аматары, і не выключана, што пражываюць у ЗША.
Згодна з афіцыйнымі звесткамі, у выніку тэракта ў Бостане загінулі 3  чалавекі, 144  параненыя. З элітных спартсменаў ніхто не пацярпеў. Выбух прагрымеў, калі  большая частка ўдзельнікаў ужо фінішавала. Зараз паліцэйскія шукаюць доказы, каб выйсці на след злачынца. Адшукваецца цемнаскуры мужчына, які за пяць хвілін да выбуху спрабаваў прайсці ў ахоўную зону. 


Расказвае Анатоль Ліпецкі. Ён уваходзіць у пяцёрку самых прэстыжных марафонаў свету. Тысячы спартсменаў прыехалі ў Бостан удзельнічаць і перамагаць, тысячы гледачоў прыйшлі адпачыць. Многія з дзецьмі.
Першы выбух адбыўся ў паўночнай частцы Бойлстан-стрыт побач з фінішнай лініяй каля 3 гадзін па мясцовым часе - 22-х па Мінску. У эпіцэнтры  лідары гонкі. Праз некалькі секунд у тым жа раёне прагрымеў другі выбух.


Эд Дэвіс, кіраўнік паліцыі Бостана: Мы перавернем кожны камень і залезем у кожны вугал, але знойдзем тых, хто гэта ўчыніў. Мы цесна супрацоўнічаем з ФБР. Паліцыя Бостана была на месцы здарэння ўжо праз некалькі хвілін. Гэта жудасна, калі забіваюць людзей. Зараз я пацвярджаю гібель траіх, але яшчэ шмат пацярпелых. Звесткі па ахвярах могуць змяніцца…


Можна толькі ўявіць, наколькі цяжка прыйшлося палісменам - з месца здарэння людзі ўцягалі без аглядкі, у многіх рукзакі і  сумкі. Усіх правяралі на прадмет падазроных прыстасаванняў. Зараз сілавікі рэгулярна збіраюць прэс-канферэнцыі і паведамляюць дэталі журналістам.
Над Капітоліем, будынкам кангрэса ЗША, у памяць аб загінуўшых у Бостане прыспушчаны дзяржаўны флаг. Прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з экстранным зваротам.


Барак Абама, Прэзідэнт ЗША: Амерыканскі народ моліцца за Бостан. Мішэль і я выказваем нашу шчырую спагаду і молімся за загінуўшых і пацярпелых. Мы даведаемся, хто гэта зрабіў, чаму, і мы прыцягнем іх да адказу.


Улады класіфікавалі здарэнне як тэракт, бомбы былі самаробнымі. Пякельныя машыны зламыснікі загадзя схавалі ў смеццевых баках уздоўж дыстанцыі. Пазней спецыялісты  знайшлі некалькі прыстасаванняў, якія не ўзарваліся. А яшчэ фургон з каністрамі, напоўненымі гаручай вадкасцю.


Дэваль Патрык, губернатар штата Масачусетс: Гэта жудасны дзень для Бостана. Мы пакуль яшчэ не ведаем усіх дэталяў. Мае думкі і малітвы з тымі, хто быў паранены. Тэрыторыя вакол месца здарэння на гэты момант з'яўляецца бяспечнай. Але я прашу ўсіх трымацца далей і  па магчымасці  не выходзіць з дома


У Бостане ўведзена надзвычайнае становішча. Над горадам часова  закрылі паветраную прастору. ФБР спрабуе выйсці на след тэрарыста або групы. Спецслужбы заклікалі ўсіх, у каго ёсць фота- і відэаматэрыялы з месца падзей, падзяліцца. У сацыяльных сетках ужо з'явіліся чуткі, што тэрарыста ўдалося зняць на  даху будынка ў момант выбуху. Бостан панікуе: званкі аб падазроных людзях і пакетах паступаюць у паліцыю кожную гадзіну. Меры бяспекі ўзмоцненыя ў Нью-Ёрку і іншых буйных гарадах. Зрэшты, трывожныя настроі  паўсюль у ЗША.