Камісія, якая будзе сачыць за ходам уступнай кампаніі, пачне працаваць з 12 чэрвеня

7 июня 2018

За ходам уступнай кампаніі ў Беларусі будзе сачыць Камітэт дзяржкантролю. Размова ідзе наконт экзаменаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Створана спецыяльная камісія, на месцы адправяць 160 супрацоўнікаў ведамства. Іх праца пачнецца ўжо падчас здачы ЦТ: з 12 чэрвеня па 2 ліпеня. Пільную ўвагу нададуць творчым экзаменам - такія выпрабаванні самыя суб'ектыўныя. Падчас іх правядзення ў вучэбны корпус не змогуць увайсці нават бацькі.

Васіль Жарко, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Усе ўстановы і дзяржкамісіі гатовы. Кожны разумее задачы, што стаяць перад намі. А галоўная задача перад дзяржкамісіяй і камісіямі, якія працуюць у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах, - гэта каб да нас першакурснікі прыйшлі самыя годныя па ўзроўні ведаў. Тады мы атрымаем добрых спецыялістаў".

Сёлета на ЦТ зарэгістраваліся амаль 73 тысячы абітурыентаў. Летась гэтая лічба была большай на пятую частку: прычына ў тым, што сертыфікаты дзейнічаюць два гады. Яшчэ адзін трэнд сёлетняй кампаніі - на 10 % скараціўся набор на кіраўніцкія, эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці.