КДБ паведаміў падрабязнасці затрымання вядомых беларускіх бізнесменаў

15 марта 2016

Кіраўнік "Трайпла" Юрый Чыж і ўладальнік буйной кампаніі "Сервалюкс" Яўген Баскін абвінавачваюцца ў нявыплаце падаткаў у буйным памеры. Праз падстаўныя фірмы за мяжой з краіны выводзіліся буйныя сумы грошай. Абодва бізнесмены былі затрыманыя пры спробе пакінуць Беларусь. Таксама сталі вядомыя і падрабязнасці іншых гучных спраў у дачыненні фірм "Біякам", "Франдэса", "Консул". Толькі па справе апошняй бюджэт недалічыўся больш як 1 трыльёна беларускіх рублёў. І гэта па самых сціплых падліках. Усе падрабязнасці ў Аляксандра Смірнова.

Сёння не трэба валодаць спецыяльнымі ведамі, каб добра разумець: карупцыя і ёй спадарожныя эканамічныя злачынствы - бар'ер на шляху да развіцця любой дзяржавы. Менавіта гэты спрут засмоктвае цэлыя карпарацыі ў шэры бізнес з яго абсалютным адмаўленнем сацыяльнай нагрузкі, менавіта ён заахвочвае і фінансуе нядобрасумленную канкурэнцыю, нарэшце, ператварае народнае, заробленае працай шматлікіх людзей, у абсалютна асабістае. Хабарніцтва, крадзяжы, ухіленні ад падаткаў, махлярства - не будзь яны своечасова спыненыя, ператвараюцца ледзь ці не ў самую небяспечную ўнутраную пагрозу нацыянальнай бяспецы, якая, як іржа, здольная раз'есці нават самую трывалую сістэму, разбурыць любыя эканамічныя сувязі, расхістаць, нарэшце, дзяржаўную сістэму. Навочны прыклад у Беларусі і беларусаў, як гаворыцца, пад бокам - Украіна.

У нашай краіне барацьба з эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй - у ліку нацыянальных прыярытэтаў, аснова якога - даволі жорсткі і непрымірымы Закон "Аб барацьбе з карупцыяй". Беларусь павінна стаць прыкладам у барацьбе з карупцыяй, тут няма кампрамісаў і няма недатыкальных - гэтыя словы не аднойчы прыходзілася чуць з вуснаў Прэзідэнта краіны. Гаранта Канстытуцыі, а значыць і эканамічнай бяспекі дзяржавы.

У свой час, у 1994 годзе, менавіта антыкарупцыйная платформа легла ў аснову перадвыбарнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі, і з тых часоў прыярытэты тут не змяніліся.

Гэта кадры жніўня 2013 года. Прэзідэнт праводзіць нараду з сілавікамі, дзе яшчэ раз расстаўляе акцэнты: пакаранне павінна быць няўхільным, упор - на раскрыццё і выяўленне буйных злачынстваў і гарантаванне эканамічнай бяспекі.

Вяртаецца да гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка і сёлета на калегіі Следчага камітэта ў лютым. Размова зноў заходзіць аб процідзеянні эканамічнай злачыннасці. На гэтым кірунку варта засяродзіць асаблівую ўвагу ўсяму праваахоўнаму блоку, - заяўляе Аляксандр Лукашэнка. І вось вынік сур'ёзнай працы.

Сёння ў КДБ прайшла прэс-канферэнцыя. Па краіне пракацілася хваля гучных затрыманняў. Абраслі міфамі. Валерый Вакульчык выйшаў да прэсы сам, каб развеяць здагадкі, а галоўнае - памылковыя думкі.

Усё прасцей, чым некаторыя думаюць - так пачаў Валерый Вакульчык аповед пра кампанію "Трайпл". Аб махінацыях кіраўніцтва фірмы ў КДБ стала вядома ўлетку мінулага года. Сам Юрый Чыж і два яго расійскія партнёры расказалі Камітэту дзяржбяспекі аб аферах Уладзіміра Япрынцава. Пачаўся разгляд, падчас якога аператыўнікі выявілі факты ўхілення ад выплаты падаткаў самім кіраўніком прадпрыемства. Як высветлілася, Юрый Чыж перадаў правы на гандлёвую марку "Трайпл" фіктыўнай фірме. На яе рахунак у якасці аплаты таварнай маркі штомесяц за некалькі дзён да фінансавай справаздачнасці пераводзіліся буйныя сумы.

Валерый Вакульчык, старшыня КДБ Беларусі: "У гэтай фірме быў дырэктар, ён жа адзіны супрацоўнік, хадзіў у банк, атрымліваў наяўныя грошы, адносіў іх касіру "Трайпла", а потым Чыжу. Схема вядомая з часоў Ільфа і Пятрова. Устаноўлена, што такіх фірм было даволі шмат. Зараз Юрый Чыж знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Праўда, затрымаць яго было няпроста, прыйшлося прыцягнуць спецпадраздзяленні і ўвесці план "Перахоп".

Паведаміў Валерый Вакульчык падрабязнасці і іншых гучных спраў. "Біякам", "Консул", "Франдэса" - у гэтых кампаній тая ж гісторыя, што і ў "Трайпла" - нявыплата падаткаў у буйным памеры. Тавар яны праводзілі праз спецыяльна створаныя за мяжой фірмы. Пасля гэтага кошт прадукцыі вырастаў як на дрожджах, а розніца дакументавалася як выдаткі і адводзілася ад падаткаабкладання. Фактычна - грошы з паветра.

Гэта толькі грошы, якія павінны быць выплачаныя ў дзяржаўную казну ў якасці падаткаў. ААТ "Франдэса" таксама аддавала перавагу карыстацца афшорамі пры пастаўках імпартнай сыравіны ў краіну. З 2008 года такім чынам з Беларусі вывелі парадку 45 мільёнаў долараў. У дачыненні супрацоўнікаў фірмы ўзбуджана 7 крымінальных спраў, ужо праведзена 80 вобыскаў, канфіскавана наяўнасці і арыштавана маёмасці амаль на 7 мільёнаў долараў. 

Cамая свежая крымінальная справа. Літаральна ўчора змешчаныя пад варту 15 работнікаў на чале з кіраўніцтвам - кампанія "Сервалюкс". Яе ўладальнік Яўген Баскін быў затрыманы ў аэрапорце пры спробе пакінуць межы краіны.

А вось яркі прыклад, куды і якія траціліся грошы, якія так і не паступілі ў бюджэт, а значыць, урачам, настаўнікам і пенсіянерам. Яго Валерый Вакульчык прыводзіць, распавядаючы аб справе кампаніі "Консул". Яна спецыялізуецца на пастаўках імпартных харчовых дадаткаў, племянных жывёл і абсталявання для аграпрамысловага комплексу.

Валерый Вакульчык, старшыня КДБ Беларусі: "Варта адзначыць, што грошы траціліся на раскошнае жыццё. Сыну аднаго з кіраўнікоў штомесяц пералічвалася ў Англію 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў, усяго намі ўстаноўлена па дакументах - на яго ўтрыманне выдаткавана 1,5 млн. фунтаў стэрлінгаў".

Па такім жа прынцыпе шыкавалі дзеці і іншых кіраўнікоў. Калі гэтыя грошы - гэта нявыплачаныя ў казну падаткі, атрымліваецца, што фінансавая нагрузка кладзецца на кашалёк спажыўцоў - прадукцыя расце ў кошце, пакутуюць сацыяльныя праграмы і праекты з дзяржпадтрымкай. У той жа час, паводле слоў Валерыя Вакульчыка, шматлікія з затрыманых, калі іх папярэджвалі аб адказнасці, заяўлялі, што іх гэта не датычыцца. Як паказала практыка, яны вельмі памыляліся, прынцып няўхільнасці пакарання робіць усіх роўнымі перад законам.

Паводле дадзеных КДБ, кожная з фірм, якія сябе скампраменціравалі, дзейнічала на працягу даволі працяглага часу - некаторыя да 7 гадоў. І гэта таксама сур'ёзнае пытанне: з чыйго папушчальніцтва або недагляду фінансавым аферыстам столькі часу атрымлівалася заставацца ў цені? Валерый Вакульчык запэўніў, што працяг гучных затрыманняў будзе.